Сайт «Промня» заблакаваны на тэрыторыі Беларусі
З учарашняга дню наведвальнікі анархісцкага сайта pramen.io маглі бачыць замест прывычнай старонкі надпіс: «Ресурс заблокирован в соответствии с законодательством Республики Беларусь».
Афіцыйная прычына блакіроўкі — рашэнне суду Цантральнага раёну г.Мінску, згодна з якім на сайце знаходзяцца «экстрэмісцкія матэрыялы».
«Сапраўднай жа прычынай з’яўляецца тое, што наш сайт прадстаўляе альтэрнатыўны афіцыйнаму пункт гледжання на падзеі ў Беларусі і ў свеце. Яго блакіроўка — заканамерны крок па знішчэнню дзяржавай любых непадкантрольных сродкаў інфармацыі. Нягледзячы на невысокую наведвальнасць сайта (30-50 унікальных наведвальнікаў штодзень), нават такая мізэрная крыніца вальнадумства і пратэсту сталася для дзяржавы небяспекай, што запатрабавала асобнай судовай забароны.Акрамя анархісцкага погляду на бягучыя здарэнні, на нашым сайце знаходзіліся дзейсныя парады аб супрацьдзеянні дзяржаве: як схавацца ад камер відэаназірання і падрыхтавацца да надзвычайных становішчаў, як весці сябе на допыце і як вызваліцца ад кайданаў, і многае іншае», — адзначаецца на старонцы «Промня» ў фейсбуку.
Нягледзячы на блакіроўку сайта, анархісцкая група «Прамень» абяцае, што ён будзе па-ранейшаму працаваць, таксама як і ягоныя старонкі ў сацыяльных сетках: «Мы, як і раней, працягнем сачыць за падзеямі ў краіне і ў свеце, інфармаваць грамадства аб змаганні за свабоду і праўду, выкрываць двудушша і цынізм дзяржавы, папулярызаваць прыклады неіерархічнага грамадскага ладу. Ніякія блакіроўкі і рашэнні марыянетак у мантыях нас не спыняць».
А каб зайсці на сайт у абыход блакіроўкі рэкамендуюць скарыстацца трыма спосабамі:
1. Бесплатны VPN-канал: http://hola.org/
2. Проксі: https://www.hidemyass.com/proxy(уводзіце спасылку, па якой вы хочаце прайсці).3. Самы дзейсны метад: усталюйце Tor Browser, які не толькі дазволіць прайсці на заблакаваны сайт, але і забяспечыць вашу ананімнасць. http://tor-browser.ru/ альбо https://www.torproject.org/