«Сама прыйшла ў РУУС, лаялася матам і крычала»

3 снежня была затрымана адна з фігурантак крымінальнай справы супраць чальцоў праваабарончай арганізацыі «Звяно» Юлія Сямёнчанка. Сёння падчас адміністрацыйнага суда Юлія агучыла падрабязнасці. Пра ціск на дзяўчыну ў сваім Фэйсбуку напісала кіраўніца «Звяна» Таццяна Гацура-Яворская.

Юлія Сямёнчанка, фота з Фэйсбука Таццяны Гацура-Яворскай

Юлія Сямёнчанка, фота з Фэйсбука Таццяны Гацура-Яворскай

«У пятніцу 7.30 раніцы да яе (Юліі. — НЧ) прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗ, правялі ператрус і адвезлі ў свой офіс, дзе ёй было прапанавана даць паказанні сведак. Юля адмовілася працягваць размову без адваката. Пасля гэтага яна апынулася ў РУУС Ленінскага раёна і, паводле паказанняў сведкі і пратаколу, сама туды прыйшла, лаялася матам і крычала. Характэрна, што рапарт у матэрыялах справы быў ад 13 снежня, так што суду прыйшлося зрабіць перапынак для выпраўлення памылак (шкада, не тых). У пятніцу ж Юля была дастаўлена ў ІЧУ і сёння асуджана на 14 сутак за "дробнае хуліганства".
Па звестках аднакамерніцы, якая выйшла ў выхадныя на волю, Юля ўтрымлівалася ў двухмеснай камеры разам з яшчэ 9 жанчынамі. Адсутнічаюць матрацы, прадметы гігіены і далей па спісе.
Я ўпэўнена, што наступныя 14 сутак на Юлю будзе аказвацца псіхалагічны ціск, а таксама створаны невыносныя ўмовы з адной мэтай — атрымаць "прызнальныя" або "сведкавыя" паказанні па крымінальнай справе, дзе мы з'яўляемся падазраванымі па артыкуле 342 ч.1. Нічога дзіўнага, калі хутка ў РУУС сваіх раёнаў зойдуць і іншыя дзяўчынкі, каб даслаць праваахоўнікаў на тры літары. Мабыць, за 8 месяцаў следства сапраўдных фактаў і доказаў не знайшлося і цяпер нашая справа рухаецца па такім сцэнары».