Фрылансера «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка пакаралі яшчэ 10 суткамі арышту

Андрэй Кузнечык другі раз запар арыштаваны на 10 сутак арышту, паведамляе «Радыё Свабода».

Андрэй Кузнечык / facebook.com/kuzniecyk

Андрэй Кузнечык / facebook.com/kuzniecyk

6 снежня фрылансеру «Радыё Свабода» Андрэю Кузнечыку прысудзілі яшчэ 10 сутак арышту, паведамілі ў яго сям'і. Яго зноў судзілі за «дробнае хуліганства». Віны Андрэй не прызнаў, перадач для яго не бяруць. Пасля першых 10 сутак Андрэя Кузнечыка не адпусцілі.
26 лістапада ў Мінску адбыўся першы суд над фрылансерам. Пра вырак пазней стала вядома яго сваякам.
Заводскі раённы суд Мінска прызнаў Андрэя Кузнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 суткамі арышту. Андрэй на працэсе віны не прызнаў. Яго змясцілі ў турму на Акрэсціна.
25 лістапада фрылансер «Радыё Свабода» перастаў выходзіць на сувязь. Неўзабаве стала вядома, што яго затрымалі і правялі ў кватэры ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя прадметы. На наступны дзень стала вядома, што Кузнечыка змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна. Жонцы Андрэя Алесі Рак у ізалятары, аднак, сказалі ўдзень, што яе мужа ў іх няма.