Самы паспяховы беларускі трэнер Віктар Ганчарэнка пакінуў маскоўскі ЦСКА
Бакі спынілі супрацоўніцтва па ўзаемнай згодзе.

Самый паспяховы футбольны трэнер Беларусі Віктар Ганчарэнка больш не галоўны трэнер маскоўскага ЦСКА. Сёння армейскі клуб абвесціў аб сыходзе беларускага спецыяліста па ўзаемнай згодзе. «Дзякуй за ўсё, Міхалыч!» — гаворыцца ў заяве на афіцыйнай старонцы клуба ў «Твітары».
Ганчарэнка ўзначаліў ЦСКА ў снежні 2016 года. «Чырвона-сінія» пад яго кіраўніцтвам атрымалі 82 перамогі ў 167 матчах, заваявалі Суперкубак Расіі-2018, двойчы станавіліся срэбнымі прызёрамі чэмпіянату Расіі і дайшлі да стадыі 1/4 фіналу Лігі Еўропы-2017/18. У тым жа годзе армейцы двойчы перамаглі мадрыдскі «Рэал» на групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў.
Ходзяць чуткі, што ў бліжэйшы час Віктар Ганчарэнка можа ўзначаліць іншы расійскі клуб — «Краснадар».
Адзначым, што падчас паслявыбарчых падзей беларускі трэнер крытыкаваў сілавікоў за ўжыты гвалт на адрас пратэстоўцаў, а таксама выступаў за сумленны падлік галасоў.
Пасля яго сыходу з ЦСКА ў клубе застаўся іншы беларус — нападаючы Ілля Шкурын, які таксама свядома выступае за перамены.