Сапраўдны кароль не носіць карону. Памяці Аляксея Караля

Калі з болем і смуткам мы, чытачы і супрацоўнікі газеты «Новы Час», даведаліся пра заўчасную смерць цудоўнага чалавека, публіцыста і выдатнага дзеяча нацыянальнага дэмакратычнага руху, галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Новы Час» Аляксея Караля, то кожны з нас, хто ведаў гэтага чалавека, успамінаў акалічнасці працы побач і разам з ім. Гэта было проста, бо гэтыя сустрэчы і супрацоўніцтва засталіся ў нашай памяці назаўжды.



unnamed17_logo.jpg

Напрыклад, мне з галоўным рэдактарам газеты «Новы Час» Аляксеем Сцяпанавічам Каралём давялося пазнаёміцца ў той час, калі ён узначаліў гэта адноўленае незалежнае выданне. Тады ўжо шмат гадоў я быў пазаштатным музычным аглядальнікам «Новага часу» і спадзяваўся на працяг супрацы з газетай. «Але як адрэагуе новы рэдактар на мае прапановы працягнуць мой «кантракт» з «Новым Часам»? У мяне ж такая спецыфічная тэматыка!» — гэтымі думкамі я прыйшоў на першую сустрэчу з Аляксеем Сцяпанавічам.

З першых жа хвілін нашай размовы новы рэдактар уразіў мяне сваёй інтэлігентнасцю, шырокім кругаглядам, ненапускной беларускасцю і прыхільнасцю да дэмакратычных каштоўнасцяў. Карацей, я ўбачыў у гэтым чалавеку сапраўднага патрыёта, Беларуса, асобу з вялікай літары.

Калі з друку пачалі выходзіць першыя нумары адноўленага «Новага Часу», адразу было заўважна тое, колькі сіл аддаюць супрацоўнікі рэдакцыі пад кіраўніцтвам новага галоўнага рэдактара паляпшэнню ўзроўню газеты. На яе старонках з’явіліся ўнікальныя гістарычныя даследаванні, цудоўныя аналітычныя матэрыялы, аўтарам якіх у асноўным з’яўляўся Аляксей Сцяпанавіч. Ды і аналітыка, тэматычныя матэрыялы іншых аўтараў былі высокага публіцыстычнага ўзроўню, планку якой так высока ўзняў галоўны рэдактар. Я быў рады, што сярод гэтых публікацый былі і мае, прысвечаныя сучаснай беларускай музычнай культуры.

Таксама было радасна, што галоўны рэдактар «Новага Часу» Аляксей Кароль не адмовіўся ад напрацовак тагачаснага выдання, а пачаў удасканальваць лепшыя здабыткі свайго папярэдніка. Гэта адбілася і на якасці вёрсткі газеты, якая стала ўзорнай для незалежнай газеты, і на якасці друку, і на карэктарскай працы, а таксама на аператыўнасці сайта штотыднёвіка. Агулам жа за гады, калі рэдактарам «Новага Часу» працаваў Аляксей Кароль, выданне пераўтварылася ў сапраўдны, еўрапейскага кшталту, штотыднёвік, які арыентаваў сваіх чытачоў на нацыянальныя і дэмакратычныя каштоўнасці. Канешне, у гэтым поспеху бачыліся высілкі і прафесіяналізм усіх штатных супрацоўнікаў і аўтарскага калектыву «Новага Часу», які на працягу ўсяго існавання выдання гуртаваў галоўны рэдактар.

Асабіста я адчуў яго моцную маральную падтрымку, калі раптоўна дала пра сябе знаць цяжкая хвароба. Тады я сам даведаўся пра бяду, якая апанавала і Аляксея Сцяпанавіча. Але яго стаіцызм, падтрымка перадаваліся мне падчас лячэння, і пасля аперацый, якія я пераносіў з аглядкай на яго досвед. Таму я лічу, што паляпшэнню стана майго здароўя я абавязаны не толькі сваім родным, але і мудраму слову і ўвазе Аляксея Сцяпанавіча, які ўвесь час майго лекавання быў са мной на сувязі.

Кажуць, што сапраўдны кароль не носіць карону. І пра галоўнага рэдактара «Новага Часу» Аляксея Караля можна сказаць, што яму не патрэбна была сімвалічная карона. Ён пацвярджаў сваё прозвішча іншымі «каралеўскімі» якасцямі. І перш за ўсё, мудрасцю і самаахвярнасцю кіраўніка, клопатам пра сваіх «падданых» — супрацоўніках рэдакцыі і аўтараў, стратэгічнаму падыходу да развіцця незалежнага выдання. Мо таму штотыднёвік «Новы Час», нягледзячы на цяжкасці, правакацыі і сабатаж чыноўнікаў, працягвае выходзіць і радаваць сваіх чытачоў цікавымі і карыснымі публікацыямі. І гэта надалей застанецца лепшым помнікам незабыўнаму Аляксею Сцяпанавічу. Як і прэмія яго імя для беларускіх палітычных аглядальнікаў, якую рэдакцыі газеты «Новы Час» прапаную заснаваць у памяць А.С.Караля.