«Саступаць я не збіраюся». Палітвязень Ігар Лосік галадае ўжо 31 дзень
Шэраг вядомых асобаў заклікалі Ігара спыніць галадоўку. За кратамі палітвязень ужо 201 дзень. Лісты да яго перасталі прыходзіць, паведамляе «Свабода».
![b2dad020_b453_468a_a94b_20e2e1f3f881_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg b2dad020_b453_468a_a94b_20e2e1f3f881_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/b2dad020_b453_468a_a94b_20e2e1f3f881_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Суд другі раз запар адмовіўся вызваліць Ігара Лосіка з-пад варты на просьбу яго адваката Дзмітрыя Лепрэтара.
Ігар Лосік перадаў паведамленне з-за кратаў.
«Усім прывітанне. Я галадаю ўжо месяц, пакуль самаадчуванне нармальнае. Ведаю, што мне пішуць сотні чалавек, некаторыя адгаворваюць працягваць галадоўку. Але я практычна не атрымліваю лістоў з 5 студзеня. Так што, хутчэй за ўсё, тым, хто чакае ад мяне адказаў, прыйдзецца пачакаць яшчэ.
На жаль, у судах закрылі вочы на сфабрыкаваныя крымінальныя справы і пакінулі меру стрымання без змены. Але я думаю, ніхто гэтаму не здзіўлены. Гэтая сітуацыя ніяк не паўплывала на маё рашэнне. Значыць, буду галадаць да таго часу, пакуль у кагосьці не з’явіцца жаданне адкрыць кодэксы і Канстытуцыю і пачаць выконваць закон. Або пакуль у мяне не адмовяць органы.
Саступаць я не збіраюся».
Дзмітры Лепрэтар наведаў Ігара ў СІЗА Жодзіна.
«Ігар не спыняе галадоўку. Рашэнні суду Партызанскага раёна Мінску і Мінскага гарадскога суду пакінуць яго пад вартай ніяк не паўплывалі на намер Ігара працягваць адмаўляцца ад ежы, — кажа адвакат. — На здароўе не скардзіцца. Турэмныя медыкі цікавяцца яго станам. Прынамсі, пытаюцца ў Ігара пра гэта, спрабуюць памераць ціск.
Ён размаўляе з псіхолагам, які там ёсць. Выглядае бледным. І бачна па твары, што ён схуднеў.
Пра размовы з адміністрацыяй нічога не гаварыў. Я думаю, калі б адміністрацыя нейкім чынам хацела на яго паўплываць, то Ігар бы мне расказаў. Дарʼя (жонка Ігара Лосіка. — РС) сёння перадала неабходныя лекі для яго. Усё прынялі.
На жаль, да Ігара цяпер даходзіць вельмі мала лістоў. Ён атрымлівае толькі заказныя і тэлеграмы, не даходзяць нават лісты першага класа. Гэта яго вельмі сурʼёзна дэстабілізуе. Ігар ведае, што яму пішуць сотні людзей, і яму цяжкавата перажываць адсутнасць лістоў. Адзін са спосабаў скараціць час за кратамі — адказваць на лісты. Мы спадзяёмся, што адміністрацыя СІЗА зможа вырашыць гэтае пытанне».
Пра ход расследавання справы Ігара, а таксама калі магчымы пачатак працэсу, нічога не вядома. Адвакат Дзмітры Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошванні.
Раней спыніць галадоўку Ігара папрасілі шэраг вядомых асобаў, сярод якіх Святлана Ціханоўская, Анжаліка Агурбаш і Зміцер Дашкевіч.
«З аднаго боку, я Ігара разумею, бо ён ведае, што не вінаваты, і такім чынам дэманструе пратэст супраць таго, што адбываецца, — сказала Ціханоўская. — Але я думаю, што ў такіх умовах, калі такіх людзей, як Ігар, шмат, не трэба ахвяраваць сабой, каб гэта даказаць. Таму што на тым баку — дыктатуры, рэжыму — усё роўна. Мы бачым, што яны не хочуць адступаць ад гэтай жорсткасці. Я б хацела, каб Ігар падумаў пра сямʼю, пра тое, што ён патрэбны сваёй жонцы, дачцэ, бацькам».