СБУ дапытвае беларусаў, якія едуць на Еўрамайдан

Пасажыраў аўтобуса Гомель-Чарнігаў дапытваюць супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны.



sbu.jpg

Беларусы былі затрыманыя ўкраінскімі памежнікамі ўчора ўвечары пасля таго, як пад сядзеннем аднаго з іх — актывіста арганізацыі «Альтэрнатыва» Дзмітрыя Сільчанкі — знайшлі «пакет з травяністай масай». Усю ноч яны правялі на памежным пераходзе. Допыты пачаліся раніцай.
«Супрацоўнікі СБУ выклікаюць пасажыраў аўтобуса паводле загадзя падрыхтаванага спісу. Думаю, што ён складзены паводле звестак, перададзеных з Беларусі. Яшчэ перад ад'ездам з Гомеля ў аўтобус зайшлі міліцыянты, якія склалі спіс пасажыраў.
Людзям задаюць адны і тыя ж пытанні, прычым яны не датычацца наркотыкаў. Пытаюцца аб месцы вучобы і працы, прыналежнасці да грамадскіх і палітычных арганізацый, мэтах прыезду ва Украіну. Апошнім цікавяцца найбольш падрабязна. Думаю, што галоўная іх мэта — не дапусціць нашай прысутнасці на акцыі, якая праходзіць сёння ў Кіеве, аднак не выключаю, што паводле вынікаў допыту каго-небудзь з беларускіх актывістаў могуць затрымаць на больш доўгі тэрмін»,  — распавёў charter97.org адзін з пасажыраў аўтобуса.
Допыты яшчэ не скончыліся. Актывістам, якія іх ужо прайшлі, па-ранейшаму не дазваляюць працягнуць шлях.
«Прыбыло падмацаванне. Следчы Чарнігаўскай СБУ, па прозвішчы «Іваноў» заявіў, што мы прабудзем тут «да заканчэння следчых дзеянняў» паводле «факта выяўлення наркатычнага рэчыва», наш працэсуальны статус — сведкі», але нас не адпусцяць, пакуль не ўстановяць «ісціну». На пытанне ўкраінцаў: «Ці можна адпусціць людзей, якія не займаюцца палітыкай?» следчы ўсміхнуўся і ўцёк з аўтобуса», — паведаміў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы Facebook актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі.
charter97.org