Сімфонія «Курапаты» павінна гучаць у Народным мемарыяле
Сімфонія №4 заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, кампазітара Кіма
Цесакова павінна прагучаць у Курапатах напярэдадні восеньскіх «Дзядоў», заявіла беларуская музыка Алена Кісялёва 17 чэрвеня пад час талакі ў
Народным мемарыяле.

Крыж у памяць пра Аляксея Качаноўскага
Нагадаем, што нядаўна мы публікавалі матэрыял Алены Кісялёвай пра выбітнага беларускага кампазітара — аўтара адзінага твору айчыннай класічнай музыкі, прысвечанага Курапатам.
Сімфонія з посьпехам
выконвалася ў Беларусі і шэрагу замежны краінаў. Сусветна вядомы дырыжор,
народны артыст СССР Яўген Святланаў назваў музыкай сусветнага ўзроўню сімфонію
Кіма Цесакова.

Алена Кісялёва (у цэнтры) на талацэ
Напрыканцы лета грамадская ініцыятыва “Эксперты ў абарону Курапатаў”
звернецца да міністра культуры Барыса Святлова з просьбай падтрымаць прапанову Алены Кісялёвай і арганізаваць у Народным мемарыял выступ Дзяржаўнага
акадэмічнага сімфанічнага аркестру Рэспублікі Беларусь з сімфоніяй № 4
“Курапаты” Кіма Цесакова.

Старажыл вёскі Дроздава цікавіцца ў Алены Кісялёвай пра “Дарогу смерці”, якая ў 1930-я гады часткова праходзіла па грунтоўцы, што злучала вёскі Зялёны Луг і Дроздава
У талацы, арганізаванай грамадскай ініцыятывай “Эксперты ў абарону Курапатаў” пры
падтрымцы “Маладога Фронту”, удзельнічалі іх актывісты, а таксама сябры
КХП-БНФ і ветэраны беларускага нацыянальнага адраджэння.

А так пазначана будка ахоўніка каля варотаў, што
выгараджвалі расстрэльны палігон з боку Заслаўскай шашы
Яны пазначылі такія аб’екты гістарычнай тапаграфіі Куропатаў, як месца каля
варотаў у плоце, дзе знаходзілася будка ахоўнікаў , а таксама канец грунтавога
ўчастку “Дарогі смерці” на полі паміж Курапатамі і Экспабелам. Паколькі месца,
дзе пачынаўся грунтавы ўчастак “Дарогі смерці”, было распахана, на наступнай
талацы ў Курапатах гэтае месца з дапамогай адпаведных планаў і спецыялістаў
будзе адноўлена і пазначана.

З месца, дзе стаяла будка энкавэдзіста, былі добра бачная шаша Заслаўе –Калідзішчы і вароты ў расстрэльны палігон
Апроч таго, мінчане-сваякі ў гонар ахвяры сталінізму Аляксея Качаноўскага
ўзвялі ва ўрочышчы мемарыяльны крыж, грамадскія актывісты даводзілі да ладу і
палолі кветнікі, разбітыя раней, чысцілі Народны мемарыял ад смецця і сухога
галля, зносілі да дарогаў распіленыя дрэвы.

Апошняя з серыі летніх талокаў па пазначэнні аб’ектаў гістарычнай тапаграфіі Курапатаў пачнецца ва ўрочышчы 25 чэрвеня а 12.00 на Галгофе.