Сяргей Пальчэўскі: «Калі вяртацца ў Беларусь — то на танку»
Актывіст «Маладога фронту» Сяргей Пальчэўскі з’ехаў на Данбас і далучыўся да шэрагаў украінскіх добраахвотнікаў, што супрацьстаяць узброеным фарміраванням сепаратыстаў.
Падрабязнасці Пальчэўскі распавёў у эксклюзіўным інтэрвʼю журналістцы belsat.eu.
«Я зʼехаў ва Украіну неўзабаве пасля таго, як раскрыў факт падпісання паперы аб супрацы з КДБ. Зразумеў, што працягваць сваю дзейнасць у “Маладым фронце” на радзіме я больш не змагу. Не дадуць. Усё адно знойдуць, за што пасадзіць. Раней я распавядаў, як мне пагражалі прыцягнуць да адказнасці за ДТП, якое адбылося нібыта па маёй віне.
Я звязаўся з пацярпелымі, і яны запатрабавалі неймаверныя грошы за тое, каб улагодзіць праблему — 10 тысяч долараў. Аднак нават праз суд такую кампенсацыю ніколі б не прызначылі! Мяркую, што не без удзелу КДБ пацярпелыя прыдумалі такую суму», — распавядае Пальчэўскі.
Пра намер паехаць на Данбас Сяргей не паведаміў ні сямʼі, ні паплечнікам па Маладым фронце. Канкрэтную назву добраахвотніцкага падраздзялення і яго дыслакацыю Пальчэўскі таксама пакуль не хоча афішаваць.
«Пэўны час я проста жыў ва Украіне, а паўтары тыдні таму прыехаў на Данбас. Тут усё — адна суцэльная перадавая лінія, увесь час страляюць. Навучанне пачаў праходзіць адразу тут, на Данбасе. Мяне вучаць карыстацца супрацьтанкавым гранатамётам СПГ-9»
Былы актывіст, а сёння — ваяр-навабранец, гаворыць пра адʼезд на вайну спакойным тонам. Гэтак жа спакойна ён клаўся пад колы МАЗа ў лютым гэтага году, калі Малады фронт абараняў Курапаты. Пальчэўскі ўпэўнены: гаворкі пра вяртанне ў Беларусь быць не можа, пакуль дзейнічае цяперашняя ўлада.
«Я ўсведамляю, што ў Беларусь дарогі няма. Ну дык я і не збіраюся вяртацца, пакуль там Лукашэнка. Калі вяртацца — то на танку. Можа, так і давядзецца. Тым часам тут я набяруся досведу, навучуся, як бараніць краіну. Гэтыя веды могуць спатрэбіцца мне ў будучыні»
— Ну а ты разумееш, што КДБ імгненна зацікавіцца, як толькі стане вядома пра Данбас?
— Так, натуральна. Думаю, справу адпаведную могуць распачаць. І пачнуць хадзіць да маіх сваякоў і распытваць пра мяне.
— Ты ніколі не бачыў вайну ў рэальным жыцці. Ці не страшна?
— Бывае страшна, заўжды на перадавой. Але выбар ужо зроблены.
***
Сяргей Пальчэўскі — 30-гадовы сябар “Маладога фронту”, актыўны ўдзельнік вулічных акцый: ад «Праспекту нацыянальнага сцягу» да абароны Курапатаў. Нагадаем, сёлета ў лютым “Малады фронт” на чале са Зміцерам Дашкевічам разгарнуў лагер на месцы запланаванай будоўлі забаўляльнага цэнтру па вуліцы Мірашнічэнкі ў Минску. Будаваць цэнтр збіраліся ў непасрэднай блізкасці ад месца растрэлу ахвяр сталінскага тэрору. Пасля двух тыдняў супрацьстаяння забудоўшчык адмовіўся ад свайго плану.
Падчас абароны Курапатаў Сяргей Пальчэўскі на знак пратэсту прыкаваў сябе кайданкамі на бамперу грузавіка.
На хвалі сакавіцкіх рэпрэсій, 22 сакавіка, Пальчэўскі быў гвалтоўна затрыманы і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ па абвінавачванні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. У сярэдзіне красавіка ён выйшаў на волю і неўзабаве прызнаўся, што падпісаў паперу аб патаемнай супрацы з беларускай спецслужбай. 2 чэрвеня КДБ спыніў крымінальную справу ў дачыненні да Пальчэўскага.
Вядома, што акрамя яго, супраць груповак «ЛДНР» на ўсходзе Украіны ваюе маладафронтавец і экс-палітвязень Эдуард Лобаў.
Кацярына Андрэева, belsat.eu