Сёння — Дзень народзінаў палітвязня Яўгена Васьковіча

Яўген Васьковіч адзначае 25-тыя ўгодкі нараджэння ў магілёўскай калоніі.



jaugen_vaskovich.jpg

Ён нарадзіўся ў Бабруйску 26 лютага 1990 году ў сям'і рабочых. Працаваў у газеце «Бабруйскі кур'ер». Прыхільнік аргкамітэта  па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Удзельнік Плошчы-2010, за якую быў пакараны — адседзеў 12 сутак на Акрэсціна.
Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасля ўдзелу ў акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. У абласны цэнтр ён прыехаў здаваць сесію.
У траўні 2011 года Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за спробу падпалу будынка бабруйскага КДБ (у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю) у ноч на 17 кастрычніка 2010 года.
Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамолатава судзілі па двух артыкулах Крымінальнага Кодэксу — "Злоснае хуліганства» і «Наўмыснае прычыненне шкоды ў асабліва буйных памерах».
Яўген Васьковіч у сваім апошнім слове заявіў, што не шкадуе аб зробленым. Ён сказаў, што лічыць сябе літвінам, а сваім абавязкам - абараняць нацыянальныя беларускія каштоўнасці.«За іх я памерці гатовы, таму што жыццё кароткае, а радзіма вечная", — сказаў ён, дадаўшы, што ён не баіцца цяжкасцяў і з годнасцю іх перанясе. Яўген Васьковіч скончыў свой выступ у судзе словамі "Жыве Беларусь!».
Спачатку ён адбываў пакаранне ў Магілёўскай калоніі № 15, а 12 кастрычніка 2011 году быў пераведзены на больш жорсткі рэжым — у памяшканне крытага тыпу (ПКТ), у Магілёўскую турму № 4. Там ён некалькі разоў трапляў у штрафны ізалятар. 12 кастрычніка 2014 году яго зноў вярнулі ў калонію №15 у Магілёве.
Паводле "Хартыі'97"