СК: Па падзеях 15 лістапада ў Мінску распачаты крымінальныя справы

Следчы камітэт паведаміў, што Фрунзенскім (г.Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа па факце арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і актыўнага ўдзелу ў іх па ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса.

photo_2020_11_15_15_03_09_1.jpg

Паводле ведамства, 15 лістапада на тэрыторыі сталіцы прайшлі несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, падчас якіх затрыманы шэраг грамадзян, якія груба парушылі грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады і пацягнулі парушэнне работы транспарту і арганізацый.
Таксама паведамляецца, што былі пашкоджаныя аб'екты гарадской інфраструктуры і транспартныя сродкі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Па дадзеным факце распачаты крымінальныя справы па ч.1 арт.339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса.
Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўсталяванне асоб, якія маюць дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці.
Нагадаме, 15 лістапада ў Мінску праходзіў Марш смелых, які жорстка разганялі сілавікі. Кульмінацыяй стала знішчэнне мемарыяла памяці Рамана Бандарэнкі на плошчы Перамен.
Колькі ў справе фігурантаў — пакуль не паведамляюць, зазначае праваабарончы цэнтр «Вясна». Але ўжо вядома, што ў якасці падазраванай па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса праходзіць затрыманая на "Плошчы Перамен" журналістка "Белсату" Кацярына Андрэева. Яна ўчора вяла стрым з падзей, якія разгортваліся ў двары. Абставіны затрымання журналісткі невядомыя, але яна змагла паведаміць блізкім, што ёй ставяць у віну крымінальны артыкул 342 — "арганізацыя групавых дзеянняў". Каля 22:00 15 лістапала следчыя СК прыходзілі па месцы прапіскі мужа Кацярыны Андрэевай, журналіста Ігара Ільяша.
Паводле інфармацыі Праваабарончага цэнтра "Вясна", 15 лістапада ў Беларусі падчас пратэстных акцый было затрымана мінімум 1278 чалавек.