«Думала, што АМАПавец вядзе мяне «грузіць», але ён адвёў у бок і сказаў: «Уцякай адсюль, бяжы»
Жыхарка вуліцы непадалёк ад плошчы Пераменаў расказала «Свабодзе», як яе падчас разгону затрымаў адзін АМАПавец, а праз хвіліну вызваліў іншы.
Гэта адбылося ўжо пасля таго, як вакол муралу засталося няшмат народу. Калі сілавікі пачалі рухацца да групы людзей, тыя сталі ў счэпку.
«Да нас выйшаў Балаба (кіраўнік мінскага АМАПу — РС). Ён сказаў, што мы акружаныя, што проста сысці нам не дадуць. Маўляў, мы дамо вам пэўныя гарантыі: калі вы добраахвотна, прайшоўшы ў службовы транспарт, паедзеце ў тэрытарыяльнае РУУС, вас ніхто чапаць не будзе. „Наогул, мы і дагэтуль вас не тое, каб білі“, так сказаў,» — расказвае Вікторыя.
АМАП падышоў да людзей ушчыльную і атачыў, пачаліся спробы разарваць счэпку.
«Калі нас пачалі вырываць, я крыкнула Балабу: „Вось вашы гарантыі, вось ваш дыялог!“. Ён проста зрабіў незадаволены барскі твар. Ён наогул на любыя пытанні і словы людзей або хаміў, або маўчаў,» — расказвае жанчына.
Калі Вікторыю вырвалі са счэпкі, то павялі разам з усімі ў бок аўтазакаў.
«Вялі мяне два АМАПаўцы. Адзін вёў мужчыну, заламалі яму рукі за спіну, а другі ішоў са мной. Ён са мной размаўляў, паводзіў сябе вельмі ветліва. Сказаў: «Вы ж самі пойдзеце, добраахвотна, так?». Я адказала, што, вядома, бачыце, іду сама, мяне можна не хапаць. Ён сказаў: «Ну, затое пакатаецеся», – і ўсміхнуўся. Я адказала: «Ну так, усё бывае ў першы раз».
Пакуль вялі, Вікторыя паспела патэлефанаваць маці і сказаць, што яе, хутчэй за ўсё, павязуць у Цэнтральны РУУС.
«Потым нас давялі да аўтазака, але там была чарга і мы спыніліся. Да мяне падышоў іншы АМАПавец, узяў пад руку. Падумала, што вядзе мяне «грузіць», але ён адвёў мяне ў бок і сказаў: «Бяжы». Я спачатку ад стрэсу не зразумела, не чакала такога жэсту добрай волі, але ён паглядзеў на мяне і сказаў: «Сыходзь адсюль, бяжы».
Гэтую сітуацыю бачылі іншыя АМАПаўцы, але не запярэчылі. Чаму так здарылася, Вікторыя не ведае. Паводле яе, шмат каго вялі з заламанымі за спіну рукамі, толькі некаторым жанчынам давалі проста ісці, але яна не заўважыла, каб кагосьці адпусцілі.
«Мама верыць, што проста сумленны АМАПавец трапіўся. Наогул, я не ведаю, чаму Вы далі мне сысці, але хачу сказаць дзякуй. Хочацца верыць, што гэта не выпадковае супадзенне, а ў Вас сапраўды засталося нешта чалавечае,» — звярнулася Вікторыя да невядомага ёй сілавіка.
Дзмітрый Гурневіч, «Радыё Свабода»