Мінчанку затрымалі на плошчы Пераменаў, у судзе яна заявіла, што цяжарная. Ёй далі 25 сутак арышту

16 лістапада ў судзе Фрунзенскага раёна разглядалася справа мінчанкі Вікторыі, якую разам з мамай затрымалі ўчора на плошчы Пераменаў. Па словах дзяўчыны, яны не ўдзельнічалі ў мітынгу і не супраціўляліся міліцыі, як пазначана ў пратаколе. Таксама Вікторыя паведаміла суду, што напярэдадні зрабіла тэст на цяжарнасць, і ён аказаўся станоўчым. Суддзя Андрэй Млечка пастанавіў прызначыць адміністрацыйны арышт на 25 сутак.

peremen_20201115_d_photo_2020_11_15_17_01_28_004.jpg

Па матэрыялах справы, Вікторыю затрымалі 15 лістапада каля 16.40 каля дома на вуліцы Чарвякова, 62. Тут знаходзіцца так званая плошча Пераменаў, дзе ўчора сабраліся ўдзельнікі нядзельнага маршу. У пратаколе адзначана, што дзяўчына прыняла ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, таксама пры затрыманні адмаўлялася прайсці ў службовы транспарт для разбору ў Фрунзенскім РУУС, паводзіла сябе агрэсіўна, выказвалася нецэнзурнай лаянкай, упіралася, кідалася ў бойку, хапалася за форменнае абмундзіраванне міліцыянта. Па выніку ёй ставілі ў віну два артыкулы КаАП: ч. 3 арт. 23.34 (Паўторны за год удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) і 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі). Тлумачэнні па справе далі міліцыянты са змененымі дадзенымі (гэта супярэчыць ПВКаАП). Суддзя адмовіў у хадайніцтве выклікаць на працэс маму дзяўчыны, якая была сведкай затрымання.
Сама Вікторыя суду патлумачыла, што 15 лістапада сустрэлася з мамай у раёне ЦУМа, яны хадзілі па пакупкі. Пазней мама прапанавала пайсці на плошчу Пераменаў, дзе ніколі раней не была, але чытала пра яе ў навінах. Прымаць удзелу ў мітынгу, па словах Вікторыі, яны не планавалі. Таксама дзяўчына паведаміла суду, што напярэдадні, у суботу, зрабіла тэст на цяжарнасць, і вынік аказаўся станоўчым. Суддзя Млечка ўдакладніў, ці ёсць у затрыманай даведка з медустановы, якая пацвярджае яе цяжарнасць, на што Вікторыя патлумачыла, што планавала запісацца да ўрача ў панядзелак, але не паспела, бо яе затрымалі ў нядзелю.
Па законе, адміністрацыйны арышт не можа быць прызначаны цяжарнай жанчыне (ч. 2 арт. 6.7 КаАП). Журналісты спрабавалі атрымаць каментар у судзе Фрунзенскага раёна Мінска, аднак там толькі пацвердзілі рашэнне — 25 сутак арышту. Вікторыя на час судовага працэсу знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна.
tut.by