Журналістка Аляксандра Квіткевіч на Акрэсціна

Сёння яе затрымалі падчас маршу пенсіянераў, з якога Аляксандра рабіла рэпартаж для «Новага Часу».

sasha_kvitkevich_rozysk_16112020.jpg

Журналістку TUT.BY і «Новага Часу» Аляксандру Квіткевіч затрымалі сёння каля 16.30-16.35 на плошчы Якуба Коласа. Яе адвезлі ў Ленінскі РУУС. 
Вось што паведамлялі відавочцы пра яе затрыманне: «На Якуба Коласа насупраць кавярні Paul спыніўся сіні бус і ў спартоўках і масках адтуль выскачылі людзі і завялі ў бусік дзяўчыну ў чырвонай куртцы. Усё гэта адбылося за 1 хвіліну».
Дзяўчынай у чырвонай куртцы, верагодна, і была Аляксандра.
Як нам удалося высветліць, журналістку абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. На яе склалі адміністрацыйны пратакол па арт. 23.34 КаАП Беларусі (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Заўтра суд.
Нагадаем, на мінулым тыдні пасля адміністрацыйнага арышту выйшлі трое фотакораў «Новага Часу»: Дзмітрый Дзмітрыеў, Аляксандр Зяньковіч і Яна Трусіла.