У камерах, дзе сядзіць Мікалай Статкевіч, адключаюць кнопкі тэрміновага выкліку кантралёра

Гэтыя кнопкі прызначаныя для выкліку ў выпадку раптоўнага пагаршэння фізічнага стану ці пагрозы жыццю.

Мікалай Статкевіч. Фота Радыё Свабода

Мікалай Статкевіч. Фота Радыё Свабода

Марына Адамовіч, жонка палітзняволенага Мікалая Статкевіча, які праходзіць падазраваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, апублікавала ў фэйсбуку паведамленне ад мужа.
«Тут к іх такая "сістэма" — у трох апошніх камерах, дзе я пасядзеў і сяджу, адключалі перад маім туды размяшчэннем кнопкі тэрміновага выкліку кантралёра.
Гэтыя кнопкі — для выкліку ў выпадку раптоўнага пагаршэння фізічнага стану ці пагрозы жыццю. Прычым, іх менавіта адключалі, бо адзін раз гэта рабілі нават у маёй прысутнасці. 08.11.2020», — перадаў з-за кратаў Мікалай Статкевіч.
«Я размяшчаю гэта, каб ведалі. Калі што здарыцца, гэта не можа быць выпадковасцю», — каментуе гэтую інфармацыю Марына Адамовіч.
Міколу Статкевіча затрымалі 31 траўня па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Пазней Марыне Адамовіч паведамілі, што Статкевіч знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна, яму прысудзілі 15 сутак. 15 чэрвеня прайшоў яшчэ адзін суд, які дадаў палітыку яшчэ 15 сутак. 30 чэрвеня Мікалай Статкевіч павінен быў выйсці на волю пасля 30 сутак арышту, аднак напярэдадні ўвечары жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч патэлефанаваў следчы і паведаміў пра крымінальную справу. Яго падазраюць уажыццяўленні злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 
Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Статкевіча палітзняволеным.