«Скіраваны выключна на перамогу сілаў святла і дабра». Што піша з СІЗА журналіст Дзяніс Івашын

Журналіст Дзяніс Івашын напісаў жонцы Вользе ліст у дзень, калі споўнілася паўгода пасля ягонага затрымання. Ён расказвае пра вясёлку за кратамі і заняткі спортам, паведамляе «Свабода»

eb0507a4_4636_4226_bc01_8b202c9b666c_w1023_r1_s.webp

«Сёння паўгода, як мяне раптоўна вырвалі з нашага шчаслівага жыцця, гвалтоўна раз'ядналі нашую сям’ю. Досыць вялікі тэрмін, які, на жаль, пакуль не канчаецца», — напісаў Дзяніс.

У лісце ён называе сябе пілігрымам. Піша, што адчувае сябе нармальна. Штодня ў дворыку на шпацыры стараецца праходзіць па 3 кіламетры. Робіць спартовыя практыкаванні, бо «пілігрым мае быць апрыёры ў добрай фізычнай форме».

Вязень прызнаецца, што добрае надвор’е падчас шпацыру выклікае змяшаныя пачуцці, а не толькі радасць.

«Сум і тугу маю толькі з адной прычыны — уяўляю, як мы з табою бавілі б гэты час пад блакітам нябёсаў і зіхоткім сонцам. Дарэчы, упершыню за час майго пілігрымавання пабачыў у задратаваным небе вясёлку. Яна з'явілася раптоўна (не было аніякага дажджу) на заходнім напрамку на тле шызых хмараў. Будзем лічыць гэта добрым знакам», — піша гарадзенец.

Журналіст запэўнівае, што не страціў матывацыі і натхнення.

«Маральна-баявы стан, як і раней, знаходзіцца ў стратасферы, скіраваны толькі і выключна на перамогу сілаў святла і дабра і імкнення прайьці свой шлях да цябе», — піша Івашын жонцы.

Ліставанне паміж Дзянісам Івашыным і ягонымі блізкімі вельмі слабае, ад яго амаль не прыходзіць лістоў, хоць піша ён рэгулярна.

Нядаўна стала вядома, што Івашыну выставілі новае абвінавачанне, але артыкул пакуль невядомы.