Слана і не заўважыў

Намеснік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарыно ўпэўнены, што ў краіне няма праблем з беларускай мовай.



e84401ad27c4cfb9815776eb9432ff17.jpg

Намеснік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарыно ўпэўнены, што ў краіне няма праблем з беларускай мовай.
У Гомелі праходзіў заключны этап алімпіяды беларускіх і расійскіх школьнікаў «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць», дзе і прысутнічаў намеснік міністра адукацыі. Калі ж журналісты пачалі задаваць вострыя пытанні наконт сітуацыі з беларускай мовай, Казімір Фарыно заявіў: “Сёння такія вось правакацыйныя пытанні не маюць пад сабой падстаў, у нас роўная колькасць гадзін на вывучэнне як беларускай, так і рускай моваў.
«Сёння праблемы білінгвізму цяжкія і больш напружаныя для нас, чым для расіян, у нас дзве мовы па Канстытуцыі, абавязковыя для вывучэння. Проста іншы раз асобныя факты падаюцца гіпертрафавана. Не трэба хвалявацца, ці знікне беларуская мова і літаратура, таму што дзяржава падтрымлівала і падтрымлівае ўсё наша нацыянальнае, айчыннае, усё, што створана тут самае лепшае», — цытуе словы Фарыно агенцтва БелаПАН.
Каб праілюстраваць роўнасць дзяржаўных моў, прывядзём некалькі лічбаў. Летась 19% беларускіх школьнікаў навучалася на беларускай мове. У сталіцы такіх вучняў было толькі за 2%. За апошнія дзесяць гадоў колькасць вучняў, якія атрымліваюць сярэднюю адукацыю на беларускай мове, істотна скарацілася: у 2001–2002 годзе ў Беларусі такіх вучняў было 27,8%.
Афіцыйна ў 2009–2010, 2008–2009 навучальных гадах прыблізна 57% агульнаадукацыйных установаў краіны працавалі на беларускай мове. У 2010–2011 годзе іх колькасць склала 52,1% ад агульнай колькасці. Але беларускамоўныя школы — гэта ў асноўным вясковыя, і лік вучняў там, адпаведна, непараўнальна меншы, чым у гарадскіх класах з рускай мовай навучання.
Дарэчы, той жа Фарыно напрыканцы жніўня паведамляў, што сёлета ў краіне зачыняецца 65 школ, большасць з іх — беларускамоўныя.