Следчы камітэт: Групоўка беларускага хакера скрала $ 10 млн
Старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч распавёў пра маштаб злачыннай дзейнасці групоўкі беларускага хакера «Андрамеда».
Аднаго з удзельнікаў групоўкі затрымалі ў Гомельскай вобласці ў леташнім снежні.
Пра гэтую справу выказаўся старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч:
«Калі казаць пра «Андрамеду», то гэтым шкоднасным праграмным забеспячэннем штомесяц падвяргалася заражэнню ад 3 да 4 млн камп’ютараў. Пры гэтым па стане на кастрычнік 2016 года ў статусе актыўнага інфікавання знаходзілася больш за 570 тыс. ПЭВМ.
Паводле апошніх звестак, якія паступілі ад амерыканскага боку, цэнтр па барацьбе з кіберзлачыннасцю адной з кампаніяў з сусветным імем валодае інфармацыяй аб тым, што агульная шкода ад дзеянняў асобаў, якія выкарыстоўвалі праграмнае забеспячэнне «Андрамеда», перавышае $ 10 млн.
Гэта толькі адзін выпадак. Вось лічбы з іншай крымінальнай справы. Прадстаўнікі ФБР ЗША, якія ажыццяўляюць выкананне просьбы аб аказанні прававой дапамогі па крымінальнай справе, перадалі нашым следчым заявы ад амерыканскіх і канадскіх кампаніяў, якія пацвярджаюць раней усталяваныя беларускім бокам неаднаразовыя факты крадзяжу грошай кампаніяў на суму $ 100 тыс. і больш».
Паводле belsat.eu