Следчы камітэт: па Мінску ходзяць ілжэперапісчыцы
Ілжэперапісчыцы пачалі хадзіць па дамах у Мінску з 16 кастрычніка, перадае Еўрарадыё са спасылкай на Следчы камітэт.
Як вядома, з 4 па 30 кастрычніка ў Беларусі праходзіць перапіс насельніцтва. Аднак па дамах і кватэрах перапісчыкі пачнуць хадзіць толькі з 21 кастрычніка. Махляры пачалі працаваць раней. Ужо 16 кастрычніка пад выглядам перапісчыц дзве жанчыны прыйшлі ў сталіцы ў дом пенсіянеркі. У 85-гадовай жанчыны яны скралі 85 рублёў. Асобы зламысніц пакуль невядомыя, іх спрабуюць высветліць з дапамогай камер відэаназірання, усталяваных на бліжэйшых аб'ектах. Распачатая крымінальная справа.
СК папярэджвае грамадзян, што перапісчыкі пачнуць прыходзіць толькі з бліжэйшага панядзелка. Пры сабе яны будуць мець сумку са спецыяльным лагатыпам і планшэт, а таксама пасведчанне і пашпарт. Махляры карыстаюцца даверлівасцю сталых людзей. Таму сілавікі просяць іх блізкіх папярэдзіць пра магчымую небяспеку.
Нагадаем, сёння апошні дзень, калі можна паўдзельнічаць у перапісе праз інтэрнэт. На дадзены момант у ім узялі ўдзел 4,4 млн чалавек.
Паводле euroradio.fm