Спроба самаспалення на прадпрыемстве ў Гомелі
З’явіліся падрабязнасці пра спробу самаспалення на прадпрыемстве ў Гомелі. Здарэнне адбылося 9 чэрвеня ў 7.30-7.40 раніцы на прахадной фабрыкі «Камінтэрн».
Як інфармуе “Гомельская праўда”, 55-гадовая жанчына, якая
працуе прыбіральшчыцай у эксперыментальным цэху, прыйшла на працу і ўжо была
аблітая гаручай вадкасцю. Яна дастала запальнічку і падпаліла сябе.
Вопратка імгненна загарэлася, людзі вакол пачалі крычаць. Аднак 36-гадовы індывідуальны прадпрымальнік Канстанцін Канышаў, які аказаўся побач (рамантаваў турнікет), не разгубіўся, накінуў на жанчыну коўдру, збіў полымя, заліў яго вадой. Яна засталася жывая, знаходзіцца ў апёкавым аддзяленні гарадской бальніцы на Сельмашы. У жанчыны 35% апёкаў цела.
Паводле папярэдняй інфармацыі, у жанчыны нядаўна памёр
муж. Адзначаецца, што ў яе “не было
матэрыяльных праблем”, не ўзнікала канфліктаў на працы. Гендырэктар
“Камінтэрна” Пётр Афончанка кажа, што жанчына “заўсёды актыўная, добрасумленная, ветлая,
неканфліктная”. У яе, нібыта, быў “годны
заробак” і ўсе ўмовы для працы. Праўда, кажуць, што апошнім часам у
работніцы адзначаліся “праблемы з
псіхікай”.
На прадпрыемстве працуе следча-аператыўная група.
euroradio.fm
Фота: gp.by