Штраф за вандроўку на мітынг у Гомель

Сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталю Рымашэўскаму ДАІ выпісала штраф за вандроўку 1 траўня на мітынг у Гомелі. 

rxn5n0_q_w4_logo_1_logo_1.jpg

Машыну палітыку па дарозе ў Гомель спынялі пяць разоў, у выніку чаго ён вымушаны быў пакінуць аўтамабіль і дабірацца да акцыі пешшу.
"На мяне склалі пратакол за тое, што я нібыта рухаўся ў скрайняй левай паласе на хуткаснай трасе пры тым, што ў правай паласе нібыта не было машын. Такую падставу супрацоўнік ДАІ прыдумаў толькі пасля таго, як мы пад відэазапіс настойліва патрабавалі ад яго назваць прычыну нашага спынення”, — адзначыў сустаршыня БХД.
Паводле яго, ДАІ выкарыстоўваецца як інструмент ціску на апазіцыю. Ён нагадаў, што палітыкам не далі даехаць на акцыю пратэсту ў Берасці ў сакавіку. "Нас спынялі пад рознымі надуманымі падставамі: ці то машына нібыта скрадзеная, ці то мы нібыта падазраемся ў махлярстве. А пасля сканчэння акцыі ў Берасці нас без складання пратаколу адпусцілі. І па дарозе на мітынг у Гомелі ўсё паўтарылася”, — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
Ён таксама нагадаў, што на падставе сведчанняў аднаго міліцыянта і без відэазапісу была пазбаўленая пасля акцыі ў Маладзечне правоў кіроўцы лідар Сацыяльна-хрысціянскага руху Вольга Кавалькова. "Гэта адна з формаў рэпрэсій. Як раней выкарыстоўвалі падаткавую, так раней выкарыстоўваюць ДАІ”, — заявіў палітык.
"Хоць сума штрафу — адна базавая велічыня — і невялікая, рашэнне аб яго накладанні буду абскарджваць, бо яно палітычна-матываванае”, — заявіў сустаршыня БХД.

bchd.info