Стала вядома, як затрымалі «Маляваныча»

Знакаміты беларускі акцёр Аляксандр Ждановіч, вядомы тысячам беларусаў як Маляваныч з перадачы "Калыханка", быў затрыманы сёння ў Мінску. Відавочца здарэння Данііл распавёў TUT.BY, што Аляксандра затрымалі каля 12:30 на праспекце Пераможцаў.

Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода


Аляксандр І Данііл разам ішлі па тратуары.
— У раёна "Галерэі" стаялі каля 15 бусаў. Непасрэдна на тратуары стаялі амапаўцы. Убачыўшы іх, Ждановіч дастаў з сумкі драўляны крыж, стаў асяняць іх хросным знакам і пачаў маліцца. Мы ўжо прайшлі ўсіх амапаўцаў, калі ўбачылі, што адзін з амапаўцаў гучна крычаў на жанчыну, паводзіў сябе па-хамску. Аляксандр падышоў да яго з крыжам і ветліва папрасіў не крычаць. Пасля гэтых слоў той амапавец аддаў загад двум іншым: тыя заламалі акцёру рукі і забралі ў аўтобус.
Праз паўтары гадзіны, каля 14 гадзін Ждановіч патэлефанаваў свайму сябру і паведаміў, што знаходзіцца ў будынку Партызанскага РУУС. Ён дадаў, што яго не білі і ставіліся нармальна. Пасля гэтага ён паклаў трубку і больш не адказваў на званкі.
Сімвалічна, што сёння, 8 лістапада, спаўняецца пяць гадоў з дня смерці жонкі Аляксандра.
Як паведамілі TUT.BY калегі акцёра па Горкаўскім Тэатры, па стане на вечар Ждановіч працягваў знаходзіцца ў будынку Партызанскага РУУС горада Мінска. Яму перадалі цёплыя рэчы.