Стала вядома, у чым абвінавачваюць медыцынскі цэнтр «Нардзін»
Днямі ў «Нардзін» прыходзіў з праверкай ДФР. Цяпер стала вядома, у чым абвінавачваюць медыцынскі цэнтр
На мінулым тыдні,
13 траўня, у медыцынскі цэнтр «Нардзін» наляцеў з праверкай ДФР, а
заснавальніка цэнтра, вядомага лекара Дзмітрыя Сайкова і ягоную жонку затрымалі
на лецішчы ў Браславе.
Цяпер стала вядома, якія прэтэнзіі ім прад'яўляюць. Пра гэта распавялі ў эфіры тэлеканала АНТ.
Нібыта цэлых 10 гадоў клініка аказвала паслугі без ліцэнзіі.
Адзначаецца, быццам устаноўлена, што на працягу 10 гадоў медыцынскім цэнтрам «Нардзін» сістэматычна аказваліся артапедычныя аперацыі без наяўнасці ліцэнзіі (спецыяльнага дазволу) на іх правядзенне ў аперацыйным аддзяленні цэнтра на вуліцы Бехцерава ў Мінску. Пры гэтым кіраўніцтва медцэнтра ведала аб забароне правядзення артапедычных аперацый. Аднак з мэтай атрымання дадатковага прыбытку на афіцыйным сайце медцэнтра размяшчалася інфармацыя аб тым, што цэнтрам ажыццяўляюцца такія аперацыі.
Намеснік начальніка ўпраўлення ДФР КДК Дзмітрый Дзягілеў распавёў:
— Медыцынскі цэнтр «Нардзін» абавязаны быў мець спецыяльны дазвол (ліцэнзію) Міністэрства аховы здароўя на ажыццяўленне дадзеных аперацый у адпаведным памяшканні. Аднак у цэнтра «Нардзін» адсутнічала аперацыйнае аддзяленне.
ДФР валодае звесткамі, што некаторыя лекары-артапеды праводзілі артапедычныя аперацыі без адлюстравання іх па ўліку цэнтра, аднак гэтая інфармацыя ў сапраўдны момант яшчэ правяраецца.
Медцэнтр абвінавацілі заадно ў размяшчэнні на сайце рэкламы нелегальных паслуг, прычым нібыта «для надання законнасці і ўтойвання інфармацыі артапедычныя ўмяшанні ўключалі ў прэйскурант хірургічных, каб правяраючыя не заўважылі». Але зоркі дзяржкантроль гэтыя «грубыя парушэнні» ўсё роўна заўважыў, адзначылі ў тэлесюжэце.
Таксама ўстаноўлена, што медыцынскі персанал медцэнтра «Нардзін» 2 месяцы таму (пасля пачатку правядзення Камітэтам дзяржкантролю маніторынгаў у медыцынскіх цэнтрах) быў папярэджаны кіраўніцтвам аб неабходнасці адказваць адмоўна, калі будуць выпадкі звароту кліентаў па пытаннях правядзення аперацый у артапедаў.
Нарэшце, КДК падчас праверкі ў «Нардзіне» выявіў факты ўхілення ад выплаты падаткаў на вялікую суму — больш за 500 тысяч рублёў.
Сцвярджаецца, што кіраўніцтва медцэнтра прызнала віну і гатова пагасіць шкоду.
Паводле The Village