Стан мужчыны, які падпаліў сябе ў цэнтры Мінска, крайне цяжкі
Стан Паўла Банькоўскага, які днём 22 студзеня падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці ў Мінску, вельмі цяжкі. Пра гэта паведамляе tut.by са спасылкай на блізкіх сям'і і Міністэрства аховы здароўя.
Раніцай 25 студзеня блізкія сяброўкі сям'і Алена і Дар'я паведамілі, што Павел па-ранейшаму знаходзіцца без прытомнасці.
— Ніякіх прагнозаў суцяшальных няма, — дадала Дар'я.
Міністэрства аховы здароўя апублікавала інфармацыю пра стан мужчыны ў сваім телеграм-канале:
— Стан пацярпелага на плошчы Незалежнасці чалавека — па-ранейшаму крайне цяжкі. Ён знаходзіцца ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў БХМД. Лекары дыягнаставалі ў яго апёкі рознай ступені цяжкасці — да 72 працэнтаў. Праводзяцца ўсе неабходныя мерапрыемствы па лячэнні.