«Страціў надзею знайсці працу». Топ пытанняў і адказаў з перапісных лістоў
Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў перапісныя лісты. 14 лістоў пытанняў, у тым ліку для грамадзян, якія часова пражываюць на тэрыторыі Беларусі, і тых, хто пражывае ў спецыялізаваных установах. Нават апытальнік па сельскагаспадарчай дзейнасці ёсць, піша «Еўрарадыё».

1. Прычына, па якой вы адмовіліся ад пошукаў працы
Сярод стандартных адказаў накшталт "выйшаў на пенсію", "вучуся на дзённай форме" і "атрымаў працу", ёсць такія, што “абезнадзейваюць”: "страціў надзею знайсці працу", "няма магчымасці знайсці працу" і "няма жадання працаваць".
2. Колькасць страусаў і андатраў у вас у гаспадарцы
У апытальнік па сельскай гаспадарцы да звычайных свіней, курэй, кароў і авечак раптам праніклі страусы, нутрыі і андатры. Тыповыя для беларускай сельскай гаспадаркі жывёлы. Бо ўсім вядома, што лепшая яечня з яек беларускіх страусаў. А малако нутрый — чысты мёд.
3. Крыніцы даходу: пенсія, стыпендыя, дапамога па беспрацоўі, утрыманства
Тут прадстаўлены самы шырокі пералік: праца па найме, пенсіі, стыпендыя, даходы ад арэнды або ад укладаў і каштоўных папер. У крыніцы даходу дададзеная і "дапамога па беспрацоўі", якая на дадзены момант складае усяго 28 рублёў. Таксама даходам будзе лічыцца ўтрыманства.

Фота: sb.by
4. Да якой нацыянальнасці або этнасу вы сябе адносіце
Па змоўчанні будуць даступныя толькі чатыры нацыянальнасці: беларус, украінец, паляк і рускі. Аднак будзе асобны радок, куды можна будзе ўпісаць усё што заўгодна, хоць ліцвін, хоць вейшнорац. Аднак, калі названай нацыянальнасці або этнасу не апынецца ў дзяржаўным спісе нацыянальнасцяў, то вас аднясуць у групу "Іншае".
5. Для перапісу можна не вызначаць, колькі дзяцей вы плануеце нарадзіць
Адказваючы на пытанне "ці плануеце вы дзяцей", можна быць няўпэўненым. А вось на наступнае пытанне: "Колькі дзяцей вы плануеце нараджаць?", можна як пазначыць дакладную колькасць дзяцей, так і адказаць, што "колькасць планаваных дзяцей не вызначаная".

Перапіс насельніцтва пройдзе ў Беларусі ў кастрычніку 2019 года. Апошні такі перапіс праводзіўся 10 гадоў таму. Упершыню перапіс правядуць абсалютна без папяровых носьбітаў — з выкарыстаннем планшэтных камп’ютараў. Акрамя таго, анкету можна будзе запоўніць онлайн.