Суд пакінуў Марыю Калеснікаву пад вартай

Сёння ў судзе Партызанскага раёна Мінска разглядалася скарга абароны Марыі Калеснікавай на падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай.

photo_2020_11_07_14_19_35.jpg


Суд не задаволіў скаргу, Марыя застанецца ў СІЗА да 8 траўня, паведамляе REFORM.by са спасылкай на Telegram-канал Віктара Бабарыкі.

Нагадаем, Марыя Калеснікава, экс-кіраўніца выбарчага штаба Віктара Бабарыкі і чалец прэзідыума Каардынацыйнай рады знаходзіцца пад вартай з 8 верасня. У сакавіку тэрмін яе ўтрымання пад вартай быў чарговы раз падоўжаны на два месяцы.

Калеснікаву афіцыйна затрымалі пасля таго, як яна, парваўшы свой пашпарт, не дала сілавікам выправадзіць сябе з краіны. Ёй прад'явілі абвінавачанне ў закліках да дзеянняў, якія шкодзяць нацбяспецы. У лютым Марыі, як і іншым фігурантам «справы Каардынацыйнай рады», прад'явілі новыя абвінавачанні: «Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357 КК) і «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім» (ч.1 арт. 361). Паколькі гэта артыкулы аб цяжкіх злачынствах, тэрмін утрымання пад вартай па іх можа прадаўжацца аж да 18 месяцаў.

Марыя Калеснікава прызнана палітычнай зняволенай. Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Нядаўна чарговага яе адваката пазбавілі ліцэнзіі. Калеснікава стала лаўрэаткай Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу, якая прысуджаецца Дзярждэпартаментам ЗША.