Суды над затрыманымі актывістамі ў Мінску (абнаўляецца)
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся разгляд адміністрацыйных спраў затрыманых напярэдадні актывіста «Еўрапейская Беларусі» Максіма Вінярскага і лідара «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча.
Як паведаміў актывіст Леанід Кулакоў, іх судзяць за парушэнне артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Блогер Шэры Кот паведамляе ў Тэлеграм-канале, што ў судзе над Вінярскім абвешчаны перапынак на 15 хвілін, паколькі Вінярскага з ІЧК даставілі ў кайданках, і ён не змог азнаёміцца з матэрыяламі справы.
Неўзабаве стала вядома, што блогера папрасілі пакінуць судовую залю да часу абвяшчэння пастановы па справе.
Вынік судовых працэсаў: Максіму Вінярскаму — 15 сутак арышту, Дзянісу Урбановічу — таксама 15 сутак арышту.
Суд Савецкага раёна Мінска разглядае справу яшчэ аднаго затрыманага 31 траўня — Яўгена Гормаша. На яго склалі адразу тры пратаколы правапарушэнняў: арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі) і 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Справу разглядае суддзя Наталля Бондар.
Гормаш 31 траўня крычаў “Ганьба” на супрацоўніка ДАІ, які афармляў пратакол на кіроўцу. Спачатку яго спрабавалі затрымаць супрацоўнікі ДАІ, але народ адбіў яго. Потым яго ўсё ж затрымалі ў дварах супрацоўнікі ў цывільным.
Яўгена Гормаша пакаралі штрафам у 1350 рублёў адразу па трох пратаколах:
за удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі і дробнае хуліганства.
У судзе Ленінскага раёна палітык Мікалай Статкевіч пакараны на 15 сутак арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Супрацоўнікі міліцыі 31 траўня паўдня дзяжурылі каля дома палітыка Міколы Статкевіча. Каля 12:30 яго затрымалі людзі ў цывільным па дарозе на пікет на Камароўцы і павезлі ў РУУС Ленінскага раёна г. Мінска. Жонцы Статкевіча Марыне Адамовіч пацвердзілі ў ЦІП, што ён у іх да суда.