Супраць шматдзетнай маці і яе двух сыноў у Клімавічах узбудзілі крымінальныя справы
Каардынатары аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" па Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук і Магілёве Алег Аксёнаў наведалі Клімавічы, дзе сустрэліся з шматдзетнай маці Ірынай Моцнай, у якой улады забіраюць прыёмных дзяцей.
Прадстаўнікі БХД аказалі маральную падтрымку шматдзетнай маці і склалі план па далейшай яе абароне. Як стала вядома, супраць жанчыны і яе двух сыноў, адзін з якіх з'яўляецца стыпендыятам шматлікіх прымій і атрымліваў узнагароды з рук старшыні аблвыканкаму, узбуджаная крымінальная справа за непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі. У пятніцу адбудзецца разгляд справы ў дачыненні аднаго з хлопцаў.
Пры гэтым Ірына Моцная паказала актывістам відэа затрымання яе дзяцей міліцыянтамі ў прысутнасці органаў апекі, дзе бачна, як міліцыянты збіваюць дзяцей, а аднаму з іх разбілі твар. "А зараз іх жа і абвінавачваюць", — адзначыў Алег Аксёнаў.
Юрысты БХД працягваюць аказваюць неабходную юрыдычную дапамогу сям'і Монцых.
Нагадаем, некалькі месяцаў таму нечакана для ўсіх быў знойдзены павешаным бацька-выхавацель дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Клімавічах Віктар Моцны. У сям'і Моцных, якая для мясцовай улады доўгі час была ўзорнай, выхоўваліся шасцёра прыёмных дзяцей. Смерць выхавальніка расследуе СК, аднак 12 ліпеня Клімавіцкі выканкам вырашыў зачыніць дзіцячы дом Моцных і забраць дзяцей з сям'і. Прэсавая служба БХД