Святлана Ціханоўская віншуе з Раством усіх беларусаў, якія адзначаюць гэтае свята 25 снежня

Святлана Ціханоўская запісала відэазварот з віншаваннямі з нагоды Раства.

photo_2020_12_24_21_12_39.jpg


«Прыміце мае сардэчныя віншаванні са святам. Раство — гэта дзень міру і радасці. Сёння ў сэрцах хрысціян гучаць словы, якімі анёлы абвясцілі віфлеемскім пастухам аб Нараджэнні Збаўцы: "Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!"
На нашай роднай беларускай зямлі супакою зараз няма. Злачынны рэжым аб’явіў уласнаму народу вайну без правілаў. Невінаватых саджаюць у турмы. Грамадства спрабуюць напоўніць нянавісцю і страхам. Але гісторыя Раства кажа нам, што надзею забіць нельга — нават калі гэта хоча зрабіць тыран. Ірад можа пераконваць сваіх памагатых, што ён усемагутны, — але насамрэч ён асуджаны на паразу.
Я веру: мы абавязкова вернем спакой у Беларусь. Мы адновім яго на самай трывалай аснове — на падмурку праўды і справядлівасці, павагі да правоў і годнасці кожнага чалавека.
Мы абавязаныя перамагчы. І я веру, што ўсе вернуцца дадому.Што вернікі Царквы «Новае Жыццё» вернуцца дадому ў свой храм, які ў іх гвалтам адабралі.Што вернуцца дадому Ігар Лосік, Мікіта Емяльянаў, Вольга Залатар, Уладзімір Мацкевіч і мноства іншых сумленных людзей, якія зараз сустракаюць Каляды не разам са сваімі сем’ямі.
Я веру і кажу гэта кожнаму беларусу, хто стаміўся ці сумняецца.Я кажу гэта беларусам унутры краіны і за яе межамі.Я кажу гэта сусветнай супольнасці, сваім дзецям і самой сабе: мы пераможам, бо з намі праўда.
З Нараджэннем Хрыстовым!»