У Вільні адбыўся дабрачынны аўкцыён у падтрымку палітвязняў

Гэта другі мастацкі аўкцыён у Вільні ў падтрымку беларускіх палітвязняў цягам снежня, паведамляе «Свабода».

preview_22.jpg

На праведзеным у сталіцы Літвы мастацкім аўкцыёне ў падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў сабралі 8 тысяч еўра. Пра гэта паведамляе сайт Delfi.lt.
Аўкцыён праводзіўся ў віленскай галерэі Саюза мастакоў Літвы, а таксама ў інтэрнэце. Было прададзена амаль 40 твораў мастацтва. Грошы пасля выплаты падаткаў пойдуць палітычным вязням і іх семʼям у Беларусі.
«Дапамога, атрыманая дзякуючы мастакам і знатакам мастацтва, з'яўляецца сімвалам таго, што злачынствы рэжыму не забыты, і мы шчыра клапоцімся аб адважных людзях Беларусі, нашых суседзях, якія змагаюцца за сваю свабоду», — сказала старшыня Літоўскага мастацкага таварыства Эгле Ганда Багданіене.
Адной з апякунак аўкцыёну была Святлана Ціханоўская.
13 снежня ў Вільні прайшоў папярэдні аўкцыён, на якім пакупнікі набывалі жывапіс, кераміку і іншыя работы, сабраўшы такім чынам грошы для тых, каго трымаюць у турмах з палітычных прычын.
Тады за 12 тысяч еўра прадалі 33 творы беларускіх і літоўскіх мастакоў, паведаміў дабрачынны фонд BySol. Аўкцыён зладзіў офіс дэпутата Еўрапарламента Пятраса Аўштравічуса, літаратурнае аб’яднанне мастакоў пад патранатам старшыні Сойму Літвы Вікторыі Чміліце-Нільсэн і штаб Святланы Ціханоўскай.
У Беларусі на 26 снежня 955 палітвязняў. Шмат людзей вымушана ўцяклі за мяжу, нярэдка з сем'ямі, каб уратавацца ад рэпрэсій.