«Імя ніводнага палітвязня не мусіць заставацца па-за ўвагай». У Батумі прайшла акцыя салідарнасці (фота)
Удзельнікі акцыі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і партрэты палітвязняў.

Беларусы Батумі ў апошнюю нядзелю гэтага года выйшлі на традыцыйную акцыю салідарнасці з палітвязнямі.
На Радзіме машына рэпрэсій не спыняецца, таму беларуская дыяспара ў паўднёвым Батумі, на жаль, становіцца толькі больш. Удзельнікі акцыі трымаюць у руках сцягі сваіх раёнаў, якія луналі на шматтысячных маршах 2020-га ў Мінску, а таксама бел-чырвона-белыя сцягі, забароненыя ў Беларусі.


У некаторых у руках партрэты палітвязняў, сярод якіх двое — журналісты «Новага Часу» Мікалай Дзядок і Дзяніс Івашын. Глеб, мужчына, які прынёс аркушы з партрэтамі, кажа, што для яго асабіста было вельмі важна выказаць падтрымку сваім сябрам, якія цяпер за кратамі:
«На сёння ў Беларусі больш за 1200 людзей, зняволеных праз палітыку. На жаль, пакуль мы не можам выйсці з партрэтамі іх усіх. Таму я сёння прыняў рашэнне выйсці з партрэтамі тых людзей, каго я ведаю асабіста. Гэта журналісты і актывісты: Іра Слаўнікава, Дзяніс Івашын і Мікола Дзядок — «Новы Час», Андрэй Кузнечык — «Радыё Свабода», Воля Гарбунова — вядомая актывістка руху па абароне правоў жанчын, Анджэй Пачобут — адначасова журналіст і актывіст Саюза палякаў, Вольга Маёрава, якая не з’яўляецца прафесійным журналістам, але аддала сябе актывізму і публіцыстыцы.
Я лічу, што імя і прозвішча ніводнага палітвязня — не важна, прызнанага ці не — не мусіць заставацца па-за ўвагай. Калі кожны з нас будзе штодня ўзгадваць пра тых, каго ён ведае асабіста, а калі сярод вашых знаёмых няма такіх людзей, то ўзгадвайце тых, хто найбліжэйшы па духу, мы прынамсі падтрымаем нашу хвалю салідарнасці і дадзім зразумець, калі не самім вязням, то іх блізкім, што яны не забытыя, што іх справа вартая».




Сённяшняе мерапрыемства было сапраўды пра салідарнасць. Беларусы Батумі падпісалі паштоўкі —яны паляцяць тым, хто ў Беларусі за кратамі. Але і адчулі салідарнасць з боку тых, хто на Радзіме: беларусы мінскай Грушаўкі сабралі і перадалі падарункі для сваіх суайчыннікаў, якія Новы год вымушана сустракаюць не дома.




