Што будуць вывучаць ва ўніверсітэце Гілевіча?

Прыватны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча пачне паўнавартасную працу ў 2020 годзе. Ініцыятары стварэння гэтай беларускай навучальнай установы сустрэліся з гарадзенскай публікай у творчай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця».

20190311_194618.jpg

Алег Трусаў і Павел Церашковіч пазнаёмілі з ідэяй гэтага ўніверсітэту, а таксама расказалі пра яго гадавую гісторыю і планы на найбліжэйшы час. Пра інавацыі ўніверсітэта, які не будзе калькай дзяржаўных устаноў, сказаў Павел Церашковіч.
– Гэтыя праграмы, што мы выбіраем, адпавядаюць часу. Па-другое, мы ўзялі за правіла, што ўсе нашы студэнты будуць вывучаць дзве замежныя мовы. І гэта абавязкова. Дарэчы, сёння гэта патрабаванне Сарбонскай дэкларацыі, якая патрабуе ад усіх універсітэтаў Еўропы, што знаходзяцца ў Балонскім працэсе, каб усе студэнты вывучалі дзве замежныя мовы. Другі прынцып – блок дысцыплін «Уводзіны ў прадпрымальніцтва». 
Сюды ўвойдуць таксама «Уводзіны ў менеджмент», «Уводзіны ў маркетынг», «Уводзіны ў бухгалтарскі ўлік». Патрэба ў такіх прадметах, на думку Паўла Церашковіча, выклікана звужэннем рынку працы з прычыны развіцця новых тэхналогіяў. І такія ўменні дадуць магчымасць выпускніку ўніверсітэта стварыць сабе месца працы.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя