Што рабіць, калі заблакавалі карт-рахунак за дапамогу ад BY_Help
У апошнія дні ў сродках масавай інфармацыі паведамляецца аб спісанні з карт-рахункаў грошай, якія, пацярпелыя ад дзеянняў улады грамадзяне, атрымлівалі на медычную дапамогу ад кампаніі BY_Help. Многія банкаўскія карткі блакуюцца.
Праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі банк, напрыклад, заблакаваў нават пенсійную картку жыхарцы Мінска, альбо карт-рахунак жанчыны, якая атрымлівае дапамогу па догляду за дзіцяці.
Сузаснавальнік кампаніі BY_Help Аляксей Лявончык паведаміў, што зараз у кампаніі працуюць над тым, як пазбегнуць такой сітуацыі ў будучым, выпрацоўваюцца алгарытмы далейшых дзеянняў і першым крокам тут неабходна стварыць інструкцыю для пацярпелых.
Праваабаронцы таксама паспрабавалі даць адказы на некаторыя з пытанняў, якія ўзнікаюць у сувязі з такімі дзеяннямі ўладаў.
Што рабіць, калі сродкі, атрыманыя з-за мяжы, заблакаваныя на банкаўскай карце?
Перш за ўсё, звяжыцеся з вашым банкам і высвятліце, на якой падставе дадзеная сума была спісана з карты або заблакаваная. Гэта можна зрабіць праз тэхпадтрымку банка або накіраваўшы ў банк афіцыйны запыт прыкладна такога зместу: "Прашу патлумачыць на якой падставе з майго карт-рахунку была спісана сума ў памеры.... рублёў”.
Хутчэй за ўсё банк вам дасць адказ, што дадзеная сума спісаная на падставе пастановы Следчага камітэта аб арышце грашовых сродкаў, паколькі дадзеныя сродкі «паступалі ў краіну для фінансавання пратэстных акцый».
Па такой пастанове банк абавязаны блакаваць суму, якая паступае ад канкрэтнай крыніцы. Калі дадзеная сума з карты была ўжо знятая, то пад арышт трапляюць грашовыя сумы з іншых крыніц на тую ж суму.
Далей дадзеную пастанову трэба абскарджваць у Галоўнае ўпраўленне Следчага камітэта па г. Мінску і ў пракуратуру. У скарзе неабходна ўказваць, што дадзеныя сродкі не былі атрыманы за ўдзел у пратэстных акцыях. Вы атрымалі іх ужо пасля ўдзелу ў пратэстах у сувязі з тым, што пры затрыманні атрымалі траўмы.і
Што рабіць пры выкліку ў Следчы камітэт з нагоды атрымання дадзеных сродкаў?
Вы можаце патлумачыць, што дадзеныя сродкі атрымалі ў якасці дапамогі ў сувязі з тым, што былі збітыя, ваша здароўе пагоршылася, вы атрымалі моцны стрэс.
Пра тое, як вы атрымалі траўмы, ад каго вы атрымалі гэтыя сродкі, як і куды звярталіся за іх атрыманнем вы маеце права не казаць у адпаведнасці са арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (ніхто не можа быць прымушаны да дачы паказанняў, якія могуць быць выкарыстаныя супраць яго).
Як можна пазбегнуць страты атрыманых грошай?
Вы можаце адкрыць яшчэ адзін рахунак у іншым банку, каб на стары рахунак не паступалі грошы, якія могуць быць заблакаваныя па рашэнні ўладаў.