«Жонцы заблакавалі рахунак, куды прыходзяць «дзіцячыя» грошы»
Сярод тых, каму заблакавалі рахунак пасля атрымання дапамогі ад кампаніі By_help, аказалася сям’я Рамана Зайцава, моцна параненага гранатай ля стэлы 9 жніўня, піша Свабода.
Пра тое, што рахунак ягонай жонкі Аліны заблакаваны, Раман даведаўся яшчэ да розгаласу ў інтэрнэце.
«Грашовую дапамогу атрымлівала мая жонка, на свой уласны рахунак, — кажа ён. — Тыя грошы мы знялі ўжо, на рахунку не было сродкаў. Учора аказалася, што рахунак заблакаваны. У банку жонцы сказалі, што гэта ў сувязі з нейкай крымінальнай справай. Яна паехала даведацца ў наш мясцовы Следчы камітэт у Горках. Там сказалі, што блакаванне рахунку ідзе з Галоўнага упраўлення СК, з Мінску. Мы напісалі на электронную пошту туды, пакуль адказу аб прычынах няма».
Пра тое, што праблемы з рахункамі маюць дзясяткі пацярпелых на акцыях пратэсту, Раман даведаўся толькі ўвечары 10 лістапада ад знаёмага, які прачытаў пра гэта ў інтэрнэце. Прызнаецца, што спачатку падумаў, быццам блакаванне жончынай карткі неяк звязана з расследаваннем ягонай справы аб раненні гранатай 9 жніўня.
«Мінусу на рахунку жонкі няма, ён проста заблакаваны, — дадае Раман. — Прынамсі, так было ўчора. Гэта асабісты рахунак маёй жонкі. Ёй туды пералічваюць „дзіцячыя“, яна цяпер у дэкрэце. Мы не зможам карыстацца гэтымі грашамі. Я спачатку падумаў, што рахунак заблакаваны ў сувязі з расследаваннем маёй справы, за 9 жніўня. Але аказалася, што не».
Цяпер Раман з Алінай чакаюць тлумачэнняў ад Цэнтральнага апарату СК у Мінску. Як ідзе расследаванне справы аб ягоным раненні, Раман па-ранейшаму не ведае. Новы следчы так з ім і не звязаўся.