Талібы: «Адсяканне рук неабходна для забеспячэння бяспекі»

Талібы збіраюцца аднавіць у Афганістане цялесныя пакаранні. Але пакуль не вырашана, ці будуць яны публічнымі.

d7e9b6cfde9ba603a29b8d32ba01fb51.e7b3df8d2521429058af50ff07f8cef7.jpg

Рух «Талібан» плануе адрадзіць у Афганістане практыку цялесных пакаранняў. Гэта вынікае з інтэрв'ю аднаго з заснавальнікаў «Талібану» мулы Нурудзіна Турабі агенцтву Associated Press.

Калі талібы знаходзіліся ва ўладзе ў Афганістане ў папярэдні раз — у 1996–2001 гадах — яны практыкавалі цялесныя пакаранні і публічную смяротную кару на стадыёнах. Напрыклад, абвінавачаным у крадзяжы адсякалі руку, а забойцам стралялі ў галаву сваякі іх ахвяр.

Турабі, які ў папярэдняе праўленне талібаў кіраваў міністэрствам прапаганды цноты і прадухілення заганаў (выконвала ролю рэлігійнай паліцыі), заявіў, што цялесныя пакаранні ў Афганістане вернуць. Але пакуль не вырашана, ці будуць яны публічнымі.

«Адсяканне рук неабходна для забеспячэння бяспекі», — сказаў Турабі і адзначыў, што гэта кара мае стрымальны эфект.

«Усе крытыкавалі нас за пакаранне на стадыёне, але мы ніколі нічога не казалі пра іх законы і пакаранні. Ніхто не будзе ўказваць нам, якімі павінны быць нашы законы. Мы будзем прытрымлівацца ісламу і будзем усталёўваць свае законы на аснове Карана», — заявіў Турабі.

Паводле meduza.io