ТБМ ладзіць талаку, каб вызваліць офіс перад закрыццём
Вярхоўны суд 8 лістапада прыняў рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі, якая існавала з 1989 года. Офіс ТБМ у цэнтры Мінска доўгія гады быў адным з асяродкаў беларускай культуры.
«Шаноўныя сябры! Для таго, каб вызваліць усё з нашай сядзібы, мы арганізоўваем у суботу талаку. Пачатак у 12 гадзін. Кожны ўдзельнік зможа забраць на памяць якую-небудзь рэч: кнігу, газету. Шмат што будзе вывезена для захавання», — напісала ў сваім фэйсбуку кіраўнік ТБМ, экс-дэпутат Алена Анісім.
Яна таксама спадзяецца, што да канца месяца будзе сабрана 3200 рублёў, каб поўнасцю разлічыцца за арэнду сядзібы і ў снежні не мець ніякіх абавязкаў з гэтай прычыны.
Офіс ТБМ на вуліцы Румянцава, 13 (станцыя метро «Плошча Перамогі») быў доўгія гады адным з асяродкаў беларускай культуры ў цэнтры Мінска. Тут праводзіліся прэзентацыі кніг, часопісаў, выставы, можна было купіць беларускія газеты, кнігі, значкі, музычныя касеты, дыскі.
Паводле www.polskieradio.pl.