Ператрус і затрыманні ў офісе «Вясны» (дапоўнена)

Каля 13-й гадзіне ў офіс, дзе знаходзіцца грамадская прыёмная ПЦ "Вясна" брутальна ўварваліся АМАПаўцы. Зараз усіх азтрыманых ужо адпусцілі.

vjasna.jpg



Людзей паклалі тварам у пол, загадалі ўсім ляжаць. Ідзе вобшук.


Сёння а 12-й гадзіне ў офісе, дзе працуе грамадская прыёмная ПЦ "Вясна" (пр.Незалежнасці, 78а-48), распачаўся інструктаж назіральнікаў, якія збіраліся ажыццяўляць маніторынг акцыі з нагоды Дня Волі, на што маюць адпаведную акрэдытацыю БХК. Папрысутнічаць на інструктажы таксама прыйшлі замежныя праваабаронцы і журналісты.

Каля 13-й гадзіне ў офіс брутальна ўварваліся АМАПаўцы.

Людзей паклалі тварам у пол, загадалі ўсім ляжаць, пачалі вобшук.

Насупраць пад'езда чакаў белы аўтобус з вялікай колькасцю міліцыі. Двор увесь быў ачэплены ланцугом міліцыі.

Затрымана каля 57 чалавек, у тым ліку міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі замежных СМІ і правабарончых арганізацый, як Марыя Шышчанкова з Frontline Defenders, а таксама старшыня БХК Алег Гулак, юрыст "Вясны" Наста Лойка.

Сярод затрыманых грамадзянін Расіі Крэтаў Мікалай, назіральнікі Вясны і БХК Уладзімір Андрыенка, Ірына Смяян-Семянюк, Валдзіс Фугаш, Алена Пішч, Анастасія Васільчук, Кірыл Кажэнаў, Анісся Казлюк, Аляксей Лойка, Юлія Калодкіна, журналістка Ганна Бадзяка, актывіст кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Віктар Трацякоў.
Старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі знік з сувязі.

Відэаздымку затрымання вёў чалавек без апазнавальных знакаў, магчыма супрацоўнік міліцыі. Таксама пры затрыманні прысутнічалі супрацоўнікі Следчага камітэта.

Затрыманых даставілі ў Першамайскі РУУС г. Мінска. Усіх завялі ў спартыўную залу. Як сказаў журналістам супрацоўнік, які кіраваў затрыманнем і пры гэтым не прадставіўся, яны абвінавачваюцца "у бандытызме і хуліганстве".

 Прыкладна ў 14:30 Алесь Бяляцкі выйшаў на сувязь. Як высветлілася, пасля зачысткі офіса яго пакінулі там для афармлення папераў. Таксама ён паведаміў, што ні ператрус, ні агляд памяшкання ў офісе не праводзіліся, аднак уварванне ў офіс было брутальнае.

Каля 15-й гадзіны затрыманых пачалі адпускаць з РУУСа.

Юрыст “Вясны” Наста Лойка паведаміла, што адпушчаны абсалютна ўсе затрыманыя.

"Пасля таго, як нас завялі у спартыўную залу РУУСа, усіх па чарзе пачалі даглядаць. Пасля пачалі прыходзіць супрацоўнікі міліцыі са спісамі — зачытвалі імёны па групах і выпускалі, так выпусцілі групы тры, а пасля ўжо — усіх астатніх разам", — удакладніла яна.

Адзін з затрыманых, Аляксей Лойка, быў дастаўлены з РУУСа ў шпіталь, паколькі быў збіты амапаўцамі падчас уварвання ў офіс. У яго закрытая ЧМТ, струс мозга и гематомы.

Пазней стала вядома, што ў бальніцы №6 знаходзіцца яшчэ адзін з назіральнікаў — Крысціян Шынкевіч, якога жорстка паклалі пры затрыманні, хоць хлопец і не супраціўляўся.

 
spring96.org