Дзень Волі без Бангалор: апоўдні каля плошчы была толькі міліцыя і журналісты дзяржканалаў
У парку Дружбы народаў, у раёне плошчы Бангалор, у суботу ў час, прапанаваны Мінгарвыканкамама для святкавання Дня Волі, былі толькі прадстаўнікі органаў правапарадку і журналісты тэлеканалаў АНТ і БТ, перадаюць відавочцы.
Нагадаем, у пятніцу Мінгарвыканкам прапанаваў заяўнікам акцыі свой фармат правядзення Дня Волі: збор удзельнікаў з 12:00 да 12:30 у парку Дружбы народаў на пл. Бангалор, затым да 13:00 там жа мітынг. Прадстаўнікі з гэтым не пагадзіліся і адклікалі заяўку на правядзенне мерапрыемства.
Як заявіў мэр Мінска Андрэй Шорац у каментары каналу АНТ, любыя масавыя мерапрыемства 25 сакавіка будуць прызнаныя незаконнымі.
«Усе заяўкі, якія былі перададзеныя ў Мінгарвыканкам на правядзенне нейкіх мерапрыемстваў, былі разгледжаны. Дзве заяўкі былі адкліканыя самімі заяўнікамі, чатыры ініцыятара яшчэ адной заяўкі адмовіліся раней. І сёння апошні чалавек, які заяўляў пра мерапрыемства, таксама пісьмова адклікаў сваю заяўку. Таму любыя мерапрыемствы ў Мінску, якія могуць адбыцца, будуць прызнаныя незаконнымі», — растлумачыў Шорац.
Да гэтага выканкам двойчы адмяняў сустрэчу з заяўнікамі і не паведаміў ім пісьмова пра сваё рашэнне ў абумоўлены законам пяцідзённы тэрмін да пачатку акцыі.
tut.by