Дзень Волі ў рэгіёнах (відэатрансляцыі)
Дзень Волі дэмакратычная грамадскасць Беларусі будзе адзначаць у Берасці, Гародні, Гомелі, Віцебску.
Берасце
На месцы збору каля 150 чалавек. Улады Берасця дазволілі правесці марш на Дзень Волі 25 сакавіка. Збор удзельнікаў на перакрыжаванні вуліц Машэрава-Касманаўтаў. Пачатак прызначаны на 12 гадзін. Шэсце пройдзе праспектам Машэрава, далей пешаходнай вуліцай Савецкай, затым вуліцай Будзённага да плошчы Свабоды, дзе адбудзецца мітынг. Экс-кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч паведаміла, што прыме сёння ўдзел у святкаванні Дня Волі ў Берасце. У 10.20, пад’язджаючы да абласнога цэнтра, яна сказала «Салiдарнасцi» па тэлефоне, што ў Брэсце паспрабуе адшукаць затрыманага Уладзіміра Някляева.
У Гародні святкаванне Дня Волі пройдзе з 12.00 да 14.30 у Каложскім парку каля стэлы 850-годдзя горада. Супрацоўнікі міліцыі перакрываюць рух аўтамабіляў да Каложскага парку, дзе прызначаны мітынг, — паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
У Гомелі збор удзельнікаў акцыі дазволены на плошчы Паўстання. Пачатак у 12 гадзін. Але ўжо зараз вакол плошчы ствараюцца барыкады з гарадскіх аўтобусаў.
У Віцебску ўлады не дазволілі шэсце і мітынгі на Дзень Волі. Адмовы атрымалі абодва заяўнікі Адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебску забараніла двухгадзінны мітынг сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву, а Віцебскі абласны выканаўчы камітэт адмовіў старшыні Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусю Смолікаву ў дазволе на правядзенне заяўленых ім на 25 сакавіка мітынгу і шэсця. Яны папярэджаныя аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
racyja.com, svaboda.org, belsat.eu