Алег Трусаў: Дзень Волі найперш — гэта свята…

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў лічыць, што палітыкі ў гэтым годзе сапсавалі агульнанацыянальнае свята.

tbm_trusov_620x400.jpg


Алег Трусаў перакананы:

—    Я мяркую, што не варта блытаць свята з палітычнай акцыяй, бо нічога добрага з гэтага не бывае. Таму Дзень волі найперш павінен быць святам. Тым больш, што гэты дзень для беларусаў настолькі важны, што ніякія палітычныя акцыі не могуць гэтае свята нечым перакрыць. Дзень волі — аснова, калі нарадзілася новая мадэрновая беларуская нацыя, якой ужо 99 гадоў.

    Але гэтым разам Дзень Волі вельмі палітызаваны…

—    Ён быў палітызаваны і 99 гадоў таму, бо палітыка — гэта як надвор’е. А вось свята — гэта свята.

    Чаму зараз склалася такая напружаная абстаноўка?

—     У гэтым годзе эканамічны крызіс у Беларусі наклаўся на палітычны. Пры гэтым беларускі палітычны крызіс наклаўся на сусветны. Як кажуць — тры ў адным. Мы ж бачым, што нестабільнасць не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Атрымліваецца, што амплітуда палітычнай нестабільнасці накрыла ў тым ліку і Беларусь.

     Ці не пабаяцца людзі выходзіць на святкаванне Дня Волі ў такой сітуацыі?

—     Калі па шчырасці, то не думаю, што на акцыі будзе шмат людзей. Яшчэ раз хачу сказаць, што нельга змешваць амбіцыі некалькіх чалавек з вялікім нацыянальным святам. Таму, мяркую, многія не выйдуць на вуліцу, але свята застанецца з імі ў душы. На мой погляд, масавага шэсця таксама не будзе. Тым больш, што і ўнутраныя палітыкі як ніколі сапсавалі гэты Дзень волі. Свае амбіцыі яны прышпілілі да агульнацыянальнага свята. І зразумела, што прыхільнікі Пазьняка не пойдуць побач з прыхільнікамі іншых асоб. Асабліва пасля ўсіх узаемных абвінавачванняў, скандалаў і гэтак далей. Таму магу сказаць адно — беларускія палітыкі цалкам сапсавалі свята для ўсяго беларускага народа.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя