У аўтапарку Лукашэнкі з'явіўся новы браняваны лімузін за 1,4 мільёна еўра
Такога Mercedes-Maybach Pullman Guard няма нават у Пуціна, піша «Камсамольская праўда».
Найноўшы Mercedes-Maybach Pullman Guard з нумарамі кіраўніка Беларусі засвяціўся каля стадыёна «Дынама», дзе праходзіла цырымонія закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў. Гэта апошняе, самае новае пакаленне браняваных лімузінаў ад кампаніі Mercedes. Верагодна, на гэтай жа машыне Аляксандр Лукашэнка прыедзе на парад з нагоды Дня Незалежнасці 3 ліпеня.
Пастаўкі Mercedes-Maybach Pullman Guard пачаліся ў мінулым годзе. Але
чакаць заказчыкам даводзілася доўга: на стварэнне кожнай з машын сыходзіць каля
дзевяці месяцаў. Кіроўцу і пасажыраў абараняе браня, усталяваная пад падлогай і
па перыметры клеткі салона, сталь у спалучэнні з кеўларам — у даху, пуленепрабівальнае
шкло італьянскай фірмы Isoclima таўшчынёй больш за 6 сантыметраў.
Ёсць і сакрэт: замест задняга шкла ўсталяваная браняваная заглушка,
замаскіраваная звонку стандартным шклом. У выніку лімузін адпавядае ўзроўню
абароны VR9 — расстрэл ва ўпор са штурмавых вінтовак лімузіну не страшны. А
абарона ад падрыву адпавядае стандарту ERV 2010: лімузін здольны вытрымаць
выбух 15 кілаграмаў тратылу ў двух метрах ад аўтамабіля і ў метры над зямлёй.
Вялізныя заднія дзверы лімузіна ўручную адкрываць цяжка, таму ў машыне ўсталяваны электрапрывад, які дапамагае іх адкрываць і зачыняць. А за ўзняцце-апусканне ламініраванага полікарбанатам браняшкла адказвае гідраўліка. Маса лімузіна — 5,1 тоны. У рух аўтамабіль прыводзіць 6-літровы матор, які развівае 530 конскіх сіл.
Інтэр'ер прадугледжвае аздабленне найвышэйшай якасці, наяўнасць бару, масажных крэслаў. Таксама ёсць ахоўная браняваная перагародка, якая не толькі аддзяляе VIP-персонаў ад кіроўцы і целаахоўніка, якія сядзяць спераду, а яшчэ і абараняе іх.
Базавая цана браневіка —1,4 мільёна еўра. А з опцыямі накшталт сірэн,
страбаскопаў, гучнагаварыцеляў і іншага індывідуальнага абсталявання яна можа
вырасці яшчэ больш — ліміту, па сутнасці, няма. Сёння гэта самая дарагая
прадстаўніцкая мадэль аўто ў свеце.
Дакладна не вядома, хто яшчэ з кіраўнікоў дзяржаў свету выкарыстоўвае такі аўтамабіль. Ім мог бы быць, напрыклад, Уладзімір Пуцін. Але ён яшчэ ў мінулым годзе перасеў на «айчынны аўтапрам» — лімузін праекта «Картэж» — менавіта такі з'явіўся на мінскіх вуліцах у дзень закрыцця Еўрапейскіх гульняў. Невядомая і колькасць ужо вырабленых машын Mercedes-Maybach Pullman Guard — але відавочна, што іх зусім няшмат.
А на чым Аляксандр Лукашэнка ездзіў да гэтага?
У аўтапарку кіраўніка Беларусі больш за дзясятак розных аўтамабіляў. Да нядаўняга часу флагманскім лімузінам быў браняваны Mercedes Pullman Guard — тады апошняга, а цяпер ужо папярэдняга пакалення. Гэты лімузін краіна ўпершыню ўбачыла 21 студзеня 2011 года ў час прамой трансляцыі інаўгурацыі Лукашэнкі — ужо чацвёртай па ліку. Дарэчы, гэты лімузін засвяціўся нават раней, чым такі ж з'явіўся ў Пуціна.
Браняваны Pullman зроблены на базе Mercedes S-класа пятага пакалення (кузаў
W221). Рэстайлінгавая версія (у Лукашэнкі менавіта такая) выпускаецца з 2009
года. Пад капотам машыны — V-падобны 12-цыліндравы рухавік аб'ёмам 5,5 літра і
магутнасцю 517 коней. Цэны на новыя аўтамабілі ў Германіі пачыналіся ад 900.000
еўра і залежалі ад пажаданняў канкрэтнага заказчыка.
Паводле www.kp.by
Пераклад НЧ