У Беларусь прыязджае місія МАГАТЭ, пра якую доўга прасіла Літва

На наступным тыдні ў Беларусь прыбудзе місія МАГАТЭ па ацэнцы праектавання пляцоўкі АЭС з улікам знешніх падзей (місія SEED). Эксперты будуць працаваць з 16 па 20 студзеня.

belaes_17022016_tutby_brush_phsl_img_37.jpg


Пра гэта распавёў журналістам прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.
— Эксперты МАГАТЭ ацэняць з пункту гледжання міжнародных патрабаванняў бяспекі ўстойлівасць Астравецкай пляцоўкі, а таксама сістэм, структур і кампанентаў АЭС  у адносінах да знешніх і ўнутраных рызык і пагроз. Місія ўлічыць вопыт аварыі на АЭС у Фукусіме ў Японіі.
Па словах Мірончыка, Беларусь запрасіла місію SEED яшчэ ў 2014 годзе ў якасці «меры па падвышэнню даверу да нашай першай АЭС, мы пайшлі насустрач пажаданням нашай суседкі Літвы». Справаздача місіі SEED звычайна рыхтуецца 3-6 месяцаў, але Менск папрасіў МАГАТЭ максімальна паскорыць гэты працэс і чакае вынікаў, самае ранняе, у сакавіку.
Мірончык нагадаў, што на першы квартал запланаваны працяг экспертных беларуска-літоўскіх кансультацый, і не пагадзіўся з меркаваннем, што ён ідзе безвынікова.
— Мы зыходзім з таго, што ядзерна-энергетычная тэма – важны і доўгатэрміновы аспект супрацоўніцтва Беларусі і Літвы. Побач з нашай агульнай мяжой не толькі будуецца Беларуская АЭС, але і выводзіцца з эксплуатацыі Ігналінская АЭС, магчыма будаўніцтва новай Вісагінскай АЭС. Усё гэта патрабуе стварэння эфектыўных двухбаковых механізмаў кансультацый і абмену інфармацыяй.
Мірончык назваў спробы палітызацыі гэтай тэмы непрафесійнымі і контрпрадуктыўнымі.
Паводле tut.by