У Беларусі амаль у 4 разы вырасла папуляцыя мядзведзяў
Калі ў 2015 годзе ў беларускіх лясах налічвалася 20 мядзведзяў, то ў 2016 годзе іх папуляцыя вырасла да 76 асобін.
Пра гэта сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Падобна на тое, што павелічэнне колькасці мішак не звязана з рэзкім жаданнем пладзіцца і множыцца менавіта на тэрыторыі моцнай і квітнеючай Беларусі, а абумоўлена натуральнымі міграцыйнымі працэсамі. Пра гэта ўскосна сведчаць дадзеныя 2014 года, калі ў нашай краіне налічылі аж 119 касалапых. Чаму яны вырашылі пакінуць беларускую тэрыторыю ў 2015 годзе статыстыка не тлумачыць, але тое, што мядзведзі ў лясы Беларусі вяртаюцца — добра. Але, хутчэй за ўсё, не для тых, хто іх сустрэне.
Таксама ў 2016 годзе ў беларускіх лясах стала павялічвацца папуляцыя рысяў. Калі ў 2015 годзе дзікіх катоў тут налічвалася 421 асобіна, то ў мінулым годзе — 532 жывёлін.
Дарэчы, і мядзведзяў і рысі ў Беларусі, нават разам узятых, менш, чым прадстаўнікоў сімвала нашай прыроды — зуброў. Іх ў 2016 годзе (у асноўным генафондзе) насяляла 1092 асобін.
Паводле ej.by