У Беларусі пачала працаваць «Вольная мова» — праект вольных размоў на роднай мове
Гэта праект для тых, хто хацеў бы актыўна размаўляць па-беларуску, але не можа пераадолець псіхалагічны бар’ер.
«Вольная мова» — платформа па арганізацыі анлайн-сустрэч для людзей, якія хацелі б зрабіць сваю пасіўную беларускую мову актыўнай, адзначаюць арганізатары пляцоўкі.
«Калі вы дрэнна гаворыце па-беларуску, але хацелі б, каб ваша родная мова стала больш актыўнай, то вам да нас!» — пішуць арганізатары ў Фэйсбуку.
Як паведамляецца, кожны дзень будзе арганізавана некалькі анлайн-сустрэч на самыя розныя тэмы. «Вы выбіраеце найбольш цікавую для вас, рэгіструецеся і ў пазначаны час прыходзіце на гутарку. Гутаркі праходзяць у невялікіх групах па 5-6 чалавек. Заводзіць і кантралюе сустрэчу вядучы — актыўны беларускамоўны беларус, які будзе вам дапамагаць», — гавораць арганізатары.
«У вас адна гадзіна часу. Гаворыце па тэме, дыскутуеце, слухаеце. Галоўнае — па-беларуску. Мінімум тэорыі, толькі жывыя размовы. Павольныя, жывыя размовы з памылкамі. Пачаць гаварыць на любой мове можна толькі так. У тым ліку і на роднай», — заяўляюць арганізатары праекта.