У Беларусі пачалі вызваляць лекараў, затрыманых па гучнай карупцыйнай справе
У Беларусі пачалі вызваляць лекараў, затрыманых па гучнай карупцыйнай справе. Па неафіцыйнай інфармацыі, яны «кампенсавалі страты». Раней гэта, як адну з умоў вызвалення, агучваў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.
Больш за тое, некаторых з вызваленых лекараў-траўматолагаў ужо бачылі на працы. Праўда, вядомыя хірургі пакуль працуюць у прыёмных пакоях бальніц, піша Еўрарадыё.
Затрыманні дзясяткаў артапедаў-траўматолагаў прайшлі ў Беларусі ў канцы сакавіка. Іх абвінавацілі ў атрыманых хабарах ад пастаўшчыкоў замежных пратэзаў. У КДБ заявілі пра выяўленыя сотні тысяч еўра ў затрыманых лекараў. Гучную справу нядаўна абмяркоўвалі на нарадзе ў Лукашэнкі.
Агулам было затрымана 35 лекараў. Лукашэнка адзначаў, што «гэта не ўсе тыя, хто мусіць там з імі побач сядзець». Колькі чалавек ужо выйшлі з СІЗА, пакуль дакладна невядома.