У КДБ расказалі падрабязнасці «справы артапедаў»
Па «справе артапедаў» у Беларусі затрыманыя 35 работнікаў медустаноў і 5 прадстаўнікоў камерцыйных структур. Яны падазраюцца або абвінавачваюцца па артыкулах аб дачы хабару, атрыманні хабару і незаконнай грашовай узнагароды, паведамляе «БелТА».
Як расказаў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак, лекары і кіраўнікі медустаноў прапаноўвалі пацыентам купіць замежныя эндапратэзы, за што атрымлівалі ўзнагароду ад прадстаўнікоў замежных кампаній-вытворцаў.
«Асобная катэгорыя лекараў-артапедаў і кіраўнікоў беларускіх устаноў аховы здароўя, дзейнічаючы ў інтарэсах замежных камерцыйных арганізацый, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, стварала ўмовы для набыцця і ўстаноўкі беларускім пацыентам эндапратэзаў канкрэтных замежных вытворцаў. За гэтыя дзеянні прадстаўнікі замежных кампаній перадавалі беларускім урачам незаконнае грашовае ўзнагароджанне з разліку па 200 еўра за кожную праведзеную аперацыю. Па дадзеным факце Следчае ўпраўленне КДБ расследуе крымінальную справу па ч. 1, 2 і 3 арт. 430 ("Атрыманне хабару"), ч. 1 арт. 431 ("Дача хабару"), а таксама ч. 1 арт. 433 ("Незаконнае грашовае ўзнагароджанне") КК», — расказаў Бычак.
Паводле слоў прадстаўніка КДБ, падчас правядзення следчых дзеянняў былі канфіскаваныя незаконна атрыманыя грашовыя ўзнагароды, у прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый — даныя «чорнай бухгалтэрыі».
«Абсалютная большасць абвінавачаных супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні і робяць захады да выплаты ў даход дзяржавы даходу, атрыманага злачынным шляхам», — заявіў Бычак. Расследаванне справы працягваецца.
Сёння сітуацыя з затрыманымі артапедамі-траўматолагамі абмяркоўвалася на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй КДБ Іванам Церцелем, генпракурорам Андрэем Шведам і міністрам аховы здароўя Дзмітрыем Піневічам. «Не проста падказвалі людзям, якія ляжаць на аперацыйным стале, якія імпартныя запчасткі ім у цела ўставіць там артапедычныя, а прыстойна за гэта ад замежнікаў атрымлівалі хабар. У некаторых па 300 тысяч, па 650 тысяч еўра выявілі толькі дома», — заявіў Лукашэнка і прапанаваў вырашыць, што рабіць з затрыманымі. Піневіч назваў умовы, пры якіх затрыманым могуць змяніць меру стрымання.
Паводле reform.by.