У Беларусі пачнуць абязлічваць асабістыя даныя людзей, якім аказваюць меддапамогу
Міністэрства аховы здароўя выпусціла пастанову №64 ад 28 траўня, якім зацвердзіла інструкцыю аб парадку абязлічвання персанальных даных пацыентаў. Дакумент апублікаваны сёння і ўступае ў сілу з 23 ліпеня.
Абязлічванне асабістых
даных будзе рабіцца ў рамках эксплуатацыі цэнтралізаванай інфармацыйнай
сістэмы аховы здароўя.
У інструкцыі гаворыцца, што будуць абязлічвацца наступныя даныя:
- прозвішча, імя;
- даныя аб серыі і нумары дакументаў, якія пацвярджаюць асноўныя і дадатковыя персанальныя даныя;
- ідэнтыфікацыйны нумар (пры наяўнасці);
- нумары дома, корпуса і кватэры месца жыхарства (месца знаходжання);
- фотавыявы (лічбавы фотапартрэт) (пры наяўнасці);
- даныя пра род дзейнасці;
- інфармацыя пра вынікі патолагаанатамічнага ўскрыцця для ўстанаўлення прычыны смерці.
Абязлічванне можна рабіць шляхам увядзення ідэнтыфікатараў, якія будуць замяняць названыя даныя, праз замену складу даных, або з дапамогай іх дэкампазіцыі — разбіцця даных на некалькі частак з наступным раздзельным іх захоўваннем.
Паводле www.the-village.me