У Беларусі «скарэктуюць» заканадаўства аб адвакатуры?

Адвакатам, якія працуюць індывідуальна, могуць забараніць ажыццяўляць абарону па крымінальных справах.

right_4944550_1280.jpg


Як паведамляе тэлеграм-канал «МотолькоПомоги», змены закрануць, у прыватнасці, артыкул №33 «Індывідуальная адвакацкая дзейнасць». У новай рэдакцыі тэкст закона гучыць так: «Індывідуальная адвакацкая дзейнасць ажыццяўляецца ў мэтах аказання юрыдычнай дапамогі, прадугледжанай артыкулам 26 гэтага Закона, за выключэннем юрыдычнай дапамогі па пытаннях крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях і працэсуальна-выканаўчага заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях».
Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў паведаміла — праўда, не на афіцыйным сайце, а ў сацсетках — што «БРКА праект закона "Аб унясенні змен у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь", згодна з якім адвакацкім бюро і адвакатам, якія ажыццяўляюць адвакацкую дзейнасць індывідуальна, будзе забаронена праводзіць адміністрацыйныя і крымінальныя справы, на ўзгадненне не прадстаўляўся. БРКА накіравала запыт у Міністэрства юстыцыі з просьбай паведаміць аб тым, ці з'яўляецца ўказаны праект канчатковым».
На думку экспертаў, калі жорсткі варыянт змен у «Закон аб адвакатуры» ўсё-ткі будзе прыняты, гэта можа азначаць фактычную забарону на прафесію для адвакатаў, якія працуюць індывідуальна.
— Калі ў заканадаўстве плануюцца змены, якія могуць пагоршыць прававое становішча адвакатаў, то пра распрацоўку такіх змен маюць права ведаць як адвакаты, так і грамадскасць у цэлым. І не проста ведаць, а ўдзельнічаць у абмеркаванні, аспрэчваць, пярэчыць супраць такіх змен, — піша з гэтай нагоды вядомы адвакат, абаронца Віктара Бабарыкі і адваката Максіма Знака Дзмітрый Лаеўскі. — Таму што пагаршэнне прававога становішча адвакатаў не толькі перашкаджае ім выконваць сваю працу, але і адбіваецца на ступені прававой абароненасці ўсіх грамадзян — і тых, якія атрымліваюць юрдапамогу, і тых, якім яна калі-небудзь можа спатрэбіцца, — гэта значыць, усіх.
Вось ужо два тыдні ў адвакацкім асяроддзі абмяркоўваецца інфармацыя аб тым, што распрацоўваецца (ці нават існуе) праект змен у заканадаўства аб адвакатуры. Паводле чутак, сутнасць змен у тым, што адвакацкія бюро і індывідуальна практыкуючыя адвакаты цалкам спыняць дзейнасць альбо ім забароняць працаваць па крымінальных і адміністрацыйных справах. Пакуль доказаў чутак у нас няма, але ёсць ускосныя пацверджанні.
У 2010-2011 мы шмат сіл прыклалі да таго, каб дамагчыся права практыкаваць індывідуальна і ў адвакацкіх бюро. Такія формы дзейнасці давалі больш незалежнасці і магчымасцей (ад выбару супрацоўнікаў і офіса да калектыўнай працы па вялікіх справах). Цяпер у бюро і індывідуальнай практыцы працуе прыкладна 1/3 усіх адвакатаў краіны.
Калі нам забароняць практыкаваць па крымінальных і адміністрацыйных справах або зусім запатрабуюць спынення дзейнасці адвакацкіх бюро і індывідуальных практык, то гэта будзе каласальны ўдар па незалежнасці прафесіі, адкат назад у развіцці адвакатуры і, безумоўна, сур'ёзнае прымяншэнне магчымасцей грамадзян і арганізацый у атрыманні юрдапамогі.
Каб абвергнуць або пацвердзіць інфармацыю пра плануемыя змены, Дзмітрый Лаеўскі накіраваў афіцыйны зварот у Мінюст. Адказу пакуль не паступіла.
Паводле gazetaby.media