У Беларусі спрабуюць заблакаваць сэрвіс пераадрасацыі Telegram

Карыстальнікі мэсэнджара Telegram з 28 лістапада сутыкнуліся з немагчымасцю перайсці па спасылках выгляду t.me/***. Аказалася, што адмысловы рэсурс для скарачэння спасылак t.me заблакаваны ў Беларусі.

bezymjannyj1111222121213121344566_logo.png


Паводле інфармацыі Reform.by, афіцыйна пад блакаванне трапіў не ўвесь сэрвіс, а толькі дзве спасылкі на праекты папулярнага тэлеграм-канала, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім і яго забаронена называць. Спасылкі на каналы ўнесены ў спіс абмежаванага доступу. Аднак з-за тэхнічных асаблівасцяў шыфраванага пратаколу HTTPS блакаванне закранула ўвесь сэрвіс.

Аналагічныя захады рабіліся ў Расіі некалькі гадоў таму. У адказ на блакаванне t.me у сеціве з’явіліся дзясяткі аналагаў сэрвісу, якія зрабілі блакаванне бессэнсоўным. Напрыклад, гэтыя спасылкі адчыняюцца праз ужо звыклы беларусам VPN.

Пасля шматлікіх няўдалых спробаў 18 чэрвеня 2020 года «Раскамнагляд» абвясціў аб зняцці абмежаванняў.