У Беларусі з'явіўся першы анлайн-сэрвіс пошуку беспрытульных жывёл
Нестандартны праект брэнда PURINA і грамадскай арганізацыі «Эгіда» закліканы дапамагчы мінскім прытулкам і валанцёрам знайсці кінутым жывёлам новы дом і файных гаспадароў.
Далёка не ўсе могуць вырашыцца ўзяць жывёлу, проста зайшоўшы ў прытулак ці ўбачыўшы яе на фатаграфіі. Брэнд PURINA вырашыў дапамагчы і арганізаваў анлайн-сэрвіс сустрэч з сабакамі і катамі — каб шчаслівых сяброў у свеце стала больш. Цяпер кожны можа адправіцца на сустрэчу з сабакам або катом, які яму спадабаўся. Для гэтага трэба ўсяго толькі пакінуць заяўку на адмысловым сайце. Пасля чаго вас звяжуць з чалавекам, у якога знаходзіцца на ператрымцы ўсё яшчэ бяздомны сябар.
Затым, у зручны для кожнага час, на шпацыры ў парку ці ў хатняй абстаноўцы будучы гаспадар і адданы гадаванец змогуць пазнаёміцца бліжэй.
Стваральнікі праекта прапануюць тым, у каго ёсць інфармацыя аб бяздомных жывёлах і жаданне дадаць іх у анлайн-каталог, даслаць заяўку на адрас: info@friend-finder.by (імя, пол, узрост, падрабязнае апісанне і некалькі фатаграфій жывёлы ў вялікім дазволе).
Паводле Marketing.by